Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея расцэньвае інтэрвію Басаева на брытанскім TV як акт падтрымкі тэрарыстаў


Юры Дракахруст, Прага Брытанскі чацьверты тэлеканал паказаў інтэрвію з адным зь лідэраў чачэнскіх паўстанцаў Шамілем Басаевым. У інтэрвію Басаеў бярэ на сябе адказнасьць за шэраг тэрарыстычных нападаў, у прыватнасьці, за захоп школы ў Бэслане. Ён пагражае Расеі новымі тэрактамі. Расейскія улады спрабавалі не дапусьціць выхаду ў эфір інтэрвію з Басаевым, а калі яно выйшла, расцанілі гэты паказ як “акцыю інфармацыйнай падтрымкі тэрарыстаў”.

“Гэта – слова-сымбаль, расейскае 11 верасьня. Больш за 330 чалавек, пераважна дзеці, былі забітыя, калі салдаты спрабавалі уратаваць закладнікаў са школы № 1 Бэслана. Сёньня чалавек, які стаіць за разьнёй у Бэслане, чачэнскі палявы камандзір Шаміль Басаеў, заяўляе ў інтэрвію чацьвёртаму тэлеканалу, што зробіць гэта ізноў”.

Такая абвестка папярэднічала інтэрвію з Басаевым, паказаным па брытанскім тэлебачаньні ўчора.

Камэра паказвала Басаева, які сядзеў перад кампутарам у майцы з надпісам па-расейску “Антытэрор” і трымаў у рукох гранатамёт.

Інтэрвію з Басаевым было запісанае адразу пасьля нападу на Бэслан.

Ён заявіў аб сваёй датычнасьці да гэтага нападу, а таксама да захопу тэатру на Дуброўцы ў Маскве ў 2002 годзе, у выбухах у маскоўскім мэтро, у авіякатастрофах двух расейскіх самалётаў.

Басаеў тлумачыць, што першапачаткова плянаваў захапіць школу ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу, але потым спыніўся на Бэслане з-за недахопу фінансаваньня.

Паўстанцкі камандзір заявіў, што сам быў узрушаны гібельлю дзяцей, але ён ускладае адказнасьць за гэта на расейскія сілы, якія нібыта падпалілі школу з агнямётаў.

Дарэчы, 4-ы канал брытанскага тэлебачаньня ў камэнтары да інтэрвію паведаміў, што існуе відэазапіс, зроблены самімі захопнікамі школы, на якім бачна, як яны катавалі захопленых дзяцей.

Шаміль Басаеў у сваім інтэрвію заявіў, што ён разглядае, як сваіх ворагаў ня толькі расейскіх салдатаў, але і расейскіх грамадзянаў, якія плацяць падаткі, зь якіх фінансуецца вайна, якія пасылаюць сваіх дзяцей на вайну, сьвятароў, якія бласлаўляюць баявыя дзеяньні. Басаеў патлумачыў, што усіх гэтых людзей ён разглядае як законныя цэлі для нападаў. Ён заявіў, што гэтыя напады будуць працягвацца, пакуль вайна ня будзе спыненая.

Расейскія улады, у прыватнасьці расейскае пасольства ў Лёндане, рабіла захады, каб не дапусьціць зьяўленьня на брытанскім тэлебачаньні інтэрвію з асобай, якую ў Расеі лічаць злачынцам нумар адзін. Яшчэ больш рэзкай была рэакцыя Масквы, калі тэлесюжэт усё ж пайшоў у эфір. Расейскі МЗС выступіў з адмысловай заявай, у якой расцаніў гэта як “крок у інфармацыйнай падтрымцы тэрарыстаў.”

“Мы упэўненыя, што гэты безадказны крок супярэчыць высілкам міжнароднай кааліцыі па барацьбе з тэрарызмам” –гаворыцца ў заяве МЗС.

Расейскі бок нагадаў, што Шаміль Басаеў уключаны ААН ў сьпіс міжнародных тэрарыстаў.

Брытанскі 4-ы тэлеканал не пагадзіўся з расейскімі аргумэнтамі, паводле тлумачэньняў прадстаўнікоў каналу інтэрвію з Басаевым нічым не адрозьніваецца ад шматлікіх заяваў Бін Ладэна, якія трансьлююць заходнія тэлеканалы. Прадстаўнік тэлеканалу Джон Сноў даў наступнае тлумачэньне:

(Сноў: ) “Расейскія улады умяшаліся і папрасілі, каб брытанскія улады не дапусьцілі паказу гэтага матэрыялу. Мы сыходзілі з таго, што людзі палічаць погляды Басаева гнюснымі, але існуе грамадзкі інтарэс да тлумачэньня рацыянальных матываў забойства дзяцей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG