Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава абвясьціла пра заснаваньне “Нацыянальнай музычнай прэміі”


Севярын Квяткоўскі, Менск “Беларуская “Грэмі” мае поўную назву – “Агульнарэспубліканскі фэстываль-конкурс “Нацыянальная музычная прэмія”. Арганізатарамі выступаюць міністэрствы культуры і інфармацыі, а таксама Белдзяржтэлерадыёкампанія. Мэтай фэстывалю заяўленае жаданьне дапамагчы разьвіцьцю айчыннага шоў-бізнэсу і надаць увагу творчасьці маладых.

Хто зможа прэтэндаваць на прэмію, і хто будзе вызначаць лепшых? Паводле намесьніка міністра культуры Ўладзімера Рылаткі, конкурс паводле ідэі набліжаны да ўсясьветных стандартаў. Лепшых зь лепшых маюць выбіраць у самых розных намінацыях: лепшы выканаўца, калектыў, кампазытар, паэт, дзіцячы праект, песьня году, радыёратацыя, лепшы музычны журналіст, кліп, прадусар і гэтак далей. І вынікі плянуюць падводзіць паводле трох крыніц: “мэдыяў, грамадзкага меркаваньня і прафэсійнага журы”.

І вось тут узьнікаюць пытаньні: якія мэдыі будуць фармаваць грамадзкае меркаваньне, і хто будзе выбіраць прафэсійнае журы? Не сакрэт, што большая частка інфармацыйнай прасторы Беларусі занятая дзяржаўнымі СМІ. А журы будуць выбіраць тыя, хто стварыў фэстываль – два міністэрствы і Белдзяржтэлерадыёкампанія. Да таго ж, зь пятнаццаці беларускіх FM-станцыяў трынаццаць часткова ці цалкам належаць дзяржаве. Вось меркаваньне ўдзельніка гурту “Джэй Морс” Рамана Арлова:

(Арлоў: ) “Гэта дае пэўны інструмэнт для карупцыі. Свае рухаюць сваіх, круцім усіх на радыё. Потым абвяшчаем, што радыё само гэтага хацела”.

Названыя акалічнасьці адрозьніваюць беларускую сытуацыю ад, напрыклад, амэрыканскай. У ЗША нацыянальная музычная прэмія “Грэмі” таксама вызначаецца паводле радыёратацыяў, колькасьці прададзеных дыскаў, меркаваньня публікі, журналістаў і прафэсіяналаў. Але ў ЗША шоў-бізнэс існуе ва ўмовах вольнага рынку, і на выбар дзяржава можа паўплываць хіба ўскосна. Дзяржаўная манаполія на беларускі шоў-бізнэс выклікае скепсіс у музыкантаў. Меркаваньне Аляксандра Сапегі, бубнача гурту “Яблычная гарбата”:

(Сапега: ) “Мне здаецца, што гэта будзе ізноў чаканы паказьнік па палітыцы ў культуры. Усё будзе разьмеркавана так, як думаюць людзі, дапушчаныя “да цела”.

А як у ідэале бачаць музыканты беларускую Нацыянальную музычную прэмію? Па-першае, не забывайма, што дагэтуль існуе негалосны загад на забарону шэрагу выканаўцаў, якія выступілі летась на мітынгу, дзе крытыкавалі кіраваньне Аляксандра Лукашэнкі. Некаторыя з гэтых выканаўцаў стаяць на першых месцах паводле продажу сваіх альбомаў, але не гучаць на FM-станцыях. Напрыклад, гурт “Нэйра-дзюбэль”. Пра тых, хто зможа перамагаць на нацыянальным конкурсе кажа лідэр “Нэйра-дзюбэлю" Аляксандар Кулінковіч:

(Кулінковіч: ) “Не выканаўцы, якіх больш любіць публіка ці менш. Не выканаўцы, якія больш таленавітыя ці не. А тыя, якія добра ставяцца да ўлады”.

Удзельнік гурту “Джэй-Морс” Раман Арлоў мяркуе, што паўнавартасная музычная прэмія можа існаваць толькі ва ўмовах паўнавартаснага рынку, у тым ліку – музычнага рынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG