Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьверы ў Эўропу для Ўкраіны і Беларусі – прыадчыненыя?


Ул. інф. Ці адчыняцца дзьверы Эўрапейскага Зьвязу для Ўкраіны, Беларусі і Малдовы – канфэрэнцыю на гэтую тэму ладзіла нямецкая Палітычная акадэмія імя Тэадора Гойса. Сярод удзельнікаў імпрэзы былі навукоўцы: гісторыкі, славісты, палітолягі, эканамісты, матэматыкі, а таксама прадстаўнікі АБСЭ, якія назіралі за беларускімі і украінскімі выбарамі.

Узровень інфармаванасьці пра гэтыя краіны ўдзельнікаў канфэрэнцыі быў вельмі розным. Вынікі апытаньня адносна ўяўленьня немцаў пра кожную з трох краінаў надзвычай уражвалі. У кагосьці Малдова асацыявалася з Кіевам альбо Бухарэстам. Кіеў хтосьці называў беларускім горадам, а Менск– украінскім. Затое Украіна азначала для ўсіх аранжавую рэвалюцыю, а Беларусь – бульбу і Лукашэнку.

Былі і іншыя кулінарныя асацыяцыі – боршч і сьмятана. Паводле арганізатараў, імпрэзы сыстэма асацыяцыяў дала яўныя збоі. Тым ня менш, тэма далейшага пашырэньня Эўразьвязу надзвычай хвалюе немцаў. Асабліва пасьля пачатку перамоваў адносна далучэньня да аб''яднанай Эўропы Турэччыны.

Паводле экспэртаў, менавіта пасьля шырокіх дэбатаў што да ўступленьня Турэччыны немцы пачалі ўзгадваць, што сярод больш блізкіх геаграфічна і мэнтальна краінаў ёсьць Украіна, Беларусь і Малдова.

Паводле спэцыяліста ў пытаньнях міжнароднай палітыкі Мартына Каля, дзьверы Эўразьвязу для гэтых новых суседзяў ня мусяць ніколі быць зачыненымі. Галоўным крытэрам у гэтым сэнсе павінна быць адпаведнасьць той ці іншай краіны эўрапейскім дэмакратычным каштоўнасьцям. Што да Ўкраіны і яе інтэграцыі з Эўразьвязам, то большасьць звычайных немцаў ставяцца да гэтага з аптымізмам. Калі гаварыць пра палітыкаў і экспэртаў, то яны больш стрыманыя.

Экспэрт у пытаньнях Усходняй Эўропы Гайнц Тымэрман выказваецца наступным чынам:

(Тымэрман: ) “Што да найбліжэйшай пэрспэктывы ўступленьня Ўкраіны ў Эўрапейскі Зьвяз, то размовы пра гэта не ідзе. Тым больш, што пакуль не вядома, якім будзе далейшае разьвіцьцё ў рэгіёне. Хаця ўнутры Эўразьвязу ёсьць абсалютна розныя інтарэсы. Але ў любым выпадку размова ідзе пра нейкую пэрспэктыву. Што да Беларусі, то ў Брусэлі за ёй назіраюць з сумам і трывогай, бо апошнім часам там узмацніліся палітычныя рэпрэсіі”.

Пра Беларусь Гайнц Тымэрман сказаў:

(Тымэрман: ) “Назіральнікі зьвяртаюць увагу на наступную акалічнасьць: у часе нядаўніх падзеяў ва Ўкраіне Лукашэнка адрозна ад расейскіх палітыкаў не дазволіў сабе нейкіх адмоўных выказваньняў на адрас Юшчанкі. Гэта можна растлумачыць таксама і тым, што ён ня хоча, каб у пэрспэктыве Расея аказвала ўплыў на Беларусь. Пры гэтым Лукашэнка заяўляе пра ўмацаваньне ўнутранай сытуацыі. Ён узмацняе ціск супраць лідэраў апазыцыі і гэта выклікае нэгатыўныя водгукі ў Эўропе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG