Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня у Вільні адзначылі 86-я ўгодкі Віленскай Беларускай Гімназіі


Тацяна Поклад, Вільня Гэта традыцыйны для Вільні Дзень Гімназіі, які сьвяткуецца напачатку лютага штогод пасьля аднаўленьня беларускага школьніцтва на Віленшчыне.

Менавіта у лютым 1919 году у Вільні пачала працаваць Віленская Беларуская Гімназія, гвалтоўна зачыненая савецкімі уладамі ў 1945-м. Урачыстасьць ладзіла Віленская школа імя Ф.Скарыны -- адзіная поўная сярэдняя школа у Літве зь беларускай мовай навучаньня, якая стала пераемніцай традыцый гімназіі. Цяпер у школе каля 170 вучняў, і ўсяго каля 40 настаўнікаў. Дырэктар школы Галіна Сівалава кажа, што яны адчуваюць сябе спадкаемцамі колішніх беларускіх гімназістаў.

Адбыліся традыцыйная ўрачыстая акадэмія і канцэрт, пачэснымі гасьцямі і прамоўцамі былі былыя вучні Віленскай Беларускай Гімназіі – Галіна Войцік, Міраслава Русак, Яраслаў Станкевіч, былы вучань Наваградзкай беларускай гімназіі Аляксей Анішчык. Сёлета госьцем Дню Гімназіі быў таксама дэпутат літоўскага Сойму Уладзімер Ваўчок, які сваім падарункам дапоўніў відэаабсталяваньне Скарынаўскай школы. Дзьве дочкі літоўскага парлямэнтарыя прыйшлі вучыцца у беларускую школу.

Сёлета была падтрыманая яшчэ адна традыцыя, якая зьявілася год таму, на 85-угодкі Віленскай Беларускай Гімназіі, -- узнагарода грашовай прэміяй імя віленскага беларуса Юрыя Зімніцкага, заснавальніка і кіраўніка беларускага хору клюбу Сябрына, дзеяча беларускай культуры.

Гэтую прэмію на вусны запавет Юрыя Зімніцкага усталявала сям''я ягонай дачкі, Тацяны Скорай, -- у памяць бацькі, які “шанаваў усё беларускае”. Прэмія прызначаецца выпускнікам беларускай школы за актыўнасьць у беларускай культурнай дзейнасьці, стараннасьць у вучобе. Ляўрэткай гэтага году стала Маргарыта Стральчыня, вядомая у Вільні сваімі мастацкімі працамі, -- яна мела і пэрсанальную выставу, -- а таксама высокім узроўнем выкананьня беларускіх песень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG