Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць мець плён дзяржаўныя захады супраць гандлю людзьмі?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: сустаршыня Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна і журналістка газэты “Белорусский рынок” Вольга Бірукова.

(Валер Карбалевіч: ) “Аляксандар Лукашэнка ў чацьвер правёў нараду па праекце дэкрэта “Аб некаторых мерах дзеля процідзеяньня гандлю людзьмі”. Гэтая праблема апошні час набыла вялікую актуальнасьць у сьвеце. Беларускія СМІ таксама надавалі значную ўвагу тэме гандлю людзьмі. Ці актуальная гэтая праблема для Беларусі? Ці шмат беларускіх жанчын гвалтам ці падманам апынуліся ў сэксуальным рабстве?”

(Людміла Пеціна: ) “Гэтая праблема стала актуальнай для Беларусі яшчэ ў 1990-я гады. Ужо тады шмат нашых жанчын выяжджалі на заробкі за мяжу, у эўрапейскія краіны. І некаторыя падманным шляхам траплялі ў прытоны. Нашая арганізацыя займаецца гэтай праблемай зь сярэдзіны 1990-х гадоў. І мы ўбачылі, што гэтыя працэсы схаваныя ад грамадзкасьці. Усё больш беларускіх жанчын выратоўваць ад прытонаў грамадзкія жаночыя арганізацыі. Колькасьць такіх жанчын ідзе на сотні.

Цяпер пра гэта сталі шырока гаварыць, бо ў Беларусі працуюць шматбюджэтныя міжнародныя праграмы, арыентаваныя на барацьбу з гандлем жанчынамі. Вялікі праект ажыцьцяўляе ААН. Зь іх дапамогаю робіцца сацыяльная рэкляма, паказваюцца ролікі па тэлевізіі”.

(Вольга Бірукова: ) “Для нас гэта вельмі актуальная праблема. Беларусь — гэта пераходная краіна зь цяжкім эканамічным становішчам. У такой сытуацыі, як звычайна, найбольш безабароннымі зьяўляюцца моладзь і жанчыны. Яны едуць за мяжу, каб зарабіць грошы на жыцьцё. Жанчыны едуць найбольш ва ўзросьце да 40 гадоў. Некалькі гадоў таму пра гэтую праблему дрэнна ведала грамадзтва, маўчалі СМІ. І многія беларускія жанчыны ня ведалі пра небясьпеку, якая ім пагражае. Да нас у газэту таксама званілі жанчыны, якія шукалі працы за мяжой, пыталіся, да каго можна зьвярнуцца. Моладзь імкнецца зьехаць за мяжу нават болей, чым раней, таму што сытуацыя не зьмяняецца да лепшага”.

(Карбалевіч: ) “Праект дэкрэту, які абмяркоўвася на нарадзе ў Лукашэнкі, прадугледжвае перарэгістрацыю фірмаў, якія займаюцца працаўладкаваньнем грамадзянаў за мяжой, ліцэнзаваньне працы такіх фірмаў, мадэльных агенцтваў, структураў, якія ладзяць аздараўленьне дзяцей за мяжой. Фірмы, якія займаюцца працаўладкаваньнем грамадзянаў за мяжой, абавяжуць адсочваць далейшы лёс кожнага чалавека, якога яны абслугоўваюць. Ці могуць гэтыя захады прадухіліць гандаль людзьмі?”

(Пеціна: ) “Думаю, што эфэкт ад гэтых захадаў будзе невялікі. Фактычна сучасным гандлем людзьмі займаюцца нелегальныя структуры. І больш жорсткія захады шмат плёну не дадуць. Людзі будуць імкнуцца ехаць туды, дзе можна зарабіць грошы і жыць прыстойна. Сытуацыя з гандлем жанчынамі зьменіцца толькі тады, калі палепшыцца эканамічнае становішча краіны, дзяржава будзе надаваць больш увагі моладзі і жанчынам. Аб гэтым сьведчыць досьвед заходніх краінаў. Напрыклад, у пасьляваенны час прастытуцыя была распаўсюджаная сярод італьянскіх жанчын. Вядомае сёньня слова “ля страда” паходзіць з Італіі. Але як толькі палепшылася эканамічная сытуацыя, пайшоў эканамічны пад’ём, колькасьць італьянскіх прастытутак рэзка зьменшылася. Я думаю, што ні адна жанчына не зрабіла б свайго выбару на карысьць гэтай прафэсіі, калі б мела магчымасьць знайсьці прыстойную працу.

Праблемай Беларусі зьяўляецца тое, што тут не разьвіваецца малы і сярэдні бізнэс. Гэта магло б даць добрую працу многім людзям. Але апошнім часам беларускіх жанчын заманьваюць падманным чынам дзеля сэксуальнай эксплюатацыі ў Расею. І ў такім выпадку прапанаваныя ў дэкрэце захады дадуць зусім мала плёну”.

(Бірукова: ) “Добра, што ўлады разумеюць існаваньне такой праблемы. Але прапанаваныя захады дзеля прадухіленьня гандлю жанчынамі наўрад ці можна прызнаць эфэктыўнымі. Як і ў іншых сфэрах эканамічнага, грамадзкага жыцьця татальны кантроль дзяржавы нічога добрага ня дасьць. Тым больш, што турысцкія фірмы, арганізацыі, якія займаюцца працаўладкаваньнем беларускіх грамадзянаў за мяжой, працуюць легальна, яны даўно ўжо ў полі зроку кантрольных органаў.

Хацела б падкрэсьліць такі момант. У гэтай праблеме ня так ужо шмат залежыць ад уладаў. Таму што згаджацца ці не згаджацца на сумнеўную прапанову па працаўладкаваньню — гэта выбар жанчыны. Калі яна добраахвотна вырашыла стаць прастытуткай, гэта адна справа. А калі яна падманам зацягнутая ў гэтую яму, тут ужо павінны ўмяўшацца органы ўлады. Вельмі добра, калі да жанчын даводзіцца інфармацыя аб магчымых пагрозах, калі актыўна працуюць жаночыя грамадзкія арганізацыі, якія расказваюць пра рызыкі працы за мяжой”.

(Пеціна: ) “Грамадзкія арганізацыі Беларусі праводзяць шмат інфармацыйных сэмінараў, ладзяць сустрэчы з моладзьдзю, расказваюць, як можна засьцерагчы сябе пры паездках за мяжу, уступленьні ў шлюб з замежнікам”.

(Карбалевіч: ) “Падаецца, што тыя захады, якія ладзяцца ўладамі паводле праекту дэкрэту, увогуле абцяжараць выезд беларускіх грамадзянаў за мяжу, ускладняць працу камэрцыйных структураў, якія займаюцца гэтай справай, яшчэ больш узмоцняць дзяржаўны кантроль за гэтым працэсам. Адным з наступстваў рэалізацыі гэтага дэкрэту стане падатковы ўлік усіх, хто выяжджае на працу за мяжу.

І ўвогуле ўзьнікае падазрэньне, што пад выглядам высакароднай мэты — абарона інтарэсаў жанчын ад сэксуальнага рабства — дзяржава ўзмацняе ізаляцыю краіны, стварае новыя перашкоды для камунікацыі беларускіх грамадзянаў з замежжам. Два дні таму на нарадзе ў прэзыдэнта па рэформе структуры адукацыі быў практычна прыпынены працэс пераходу на дзьвюхступенчатую сыстэму адукацыі, якая разьвіваецца ў Эўропе. То бок, назіраецца тэндэнцыя да самаізаляцыі, як бы гэта ні матывавалася”.

(Пеціна: ) “Ёсьць такая небясьпека. І апошнія прэзыдэнцкія дэкрэты і іншыя захады кіраўніцтва краіны скіраваныя на самаізаляцыю Беларусі, уціск грамадзянскай супольнасьці”.

(Бірукова: ) “Сапраўды, гэтая тэндэнцыя вельмі непакоіць. Пасьля рэфэрэндуму ўзмацняецца ізаляцыя краіны, Беларусь зачыняецца. Моладзь будзе імкнуцца зьехаць адсюль у Расею ці на Захад. І людзі будуць шукаць шляхі, якія могуць быць больш крымінальнымі, чым сёньня”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, праблема гандлю людзьмі сапраўды набывае актуальнасьць ва ўсясьветным масштабе. І ўвагу беларускіх ўладаў да яе можна толькі вітаць. Але рэзкае ўзмацненьне ўмяшальніцтва дзяржавы ў працэс камунікацыі з замежжам, які ладзяць камэрцыйныя структуры, грамадзкія арганізацыі створыць новыя перашкоды для выезду за мяжу, узмоцніць ізаляцыю краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG