Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ цікавіцца дзейнасьцю дэмакратычных актывістаў у рэгіёне


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Супрацоўнікі КГБ у Магілёўскай вобласьці выяўляюць цікавасьць да дзейнасьці дэмакратычных актывістаў. Гэты інтарэс актывізаваўся апошнім часам.

Рэдактар крычаўскага недзяржаўнага выданьня “Вольны горад” і кіраўнік раённай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Няроўны быў выкліканы ў мінулую пятніцу ў міжраённую ўправу КГБ на гутарку. У Сяргея Няроўнага пыталіся пра некаторыя матэрыялы, надрукаваныя ў газэце “Вольны горад”. У прыватнасьці, пра канфлікт у Крычаўскай раённай вэтэранскай арганізацыі, які асьвятляе газэта і які, паводле зьвестак Няроўнага, улада хоча “замяць” напярэдадні 60-годзьдзя Перамогі.

А асноўнай тэмай размовы ў КГБ сталі сувязі крычаўскіх дэмакратаў з Андрэем Клімавым і падрыхтоўка да яго акцыі 25 сакавіка. Гаворыць Сяргей Няроўны:

(Няроўны: ) “Гэтая актыўнасьць за год да прэзыдэнцкіх выбараў — ціснуць будуць на апазыцыю. І я думаю, што гэта зьвязана з новым кіраўніком адмінітрацыі прэзыдэнта, які бярэ ўсё пад кантроль і новым прызначэньнем кіраўніка КГБ рэспублікі”.

Сяргей Няроўны разглядае выклік у КГБ як пачатак кампаніі ціску на дэмакратычных актывістаў у рэгіёне.

(Няроўны: ) “І вось гэта адбываецца пакуль што ў прыватных размовах і лёгкіх папярэджаньнях. Такое папярэджаньне прагучала і ў КГБ у Крычаве, што непажадана, каб людзі ехалі на “клімаўскую рэвалюцыю”.

Таксама ў Магілёве КГБ зацікавіўся ўдзельнікамі сэмінару, які зладзілі Беларуская асацыяцыя журналістаў і беларускае прадстаўніцтва Фонду Эбэрта. Вучань 11 клясы адной з магілёўскіх школ і рэдактар школьнай беларускамоўнай газэты Віталь Ругайн быў выкліканы ў кабінэт дырэктара і там меў гутарку з супрацоўнікам КГБ, які падрабязна распытаў падлетка пра сэмінар, яго ўдзельнікаў і ідэалягічны кірунак дыскусіі журналістаў. Пра гэта паведаміў “Свабодзе” Віталь Ругайн.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG