Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кані, пад канём і ў каня пад хвастом


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі “Магія мовы”

Гэтак зазвычай кажуць пра чалавека, якому выпадае адолець шмат цяжкіх выпрабаваньняў: маўляў, усё перажыве-перадужае й моцным застанецца. Расеец азначыць больш глябальна: прошел огонь, воду и медные трубы.

Надараецца ж у лёсе й гэтак, што нейкае трапнае выслоўе ледзь не спаўняецца літаральна. Сталася некалі так з маёй матуляй. Маладая й жвавая, неяк узімку, пад самыя Каляды, надумала яна перавезьці з аднае вёскі ды ў іншую воз назапашанага сена – каб кароўка ў халады не згаладала.

Дарога легла ня блізкая: з Гарадзеншчыны ў палескую пушчу. А тут завіруха ўсчалася. Замяло-завіхурыла так, што ў шалёнай цемры конь зьбіўся з тропу. “Як нячыстая ў бездараж цягнула – жывы чорны клубок каціўся паперадзе й прападаў, каціўся й прападаў”, – успаміналася потым.

Прывідны той клубок ні маленьня ня чуў, ні заклёну, і вырабіў гэтак, што спасярод каляднае ночы патрапілі жанчына зь лядашчым калгасным канём у няскуты маразамі рачны вір. Скончылася тая гісторыя сумна. Пад раніцу дашчэнту зьмерзлую маці вывеў Бог да чужога гумна. Людзі ўратавалі. А затым падхапіліся сухоты. Два гады тубэркулёзнага дыспансэру й пяць гадоў выплаты калгасу – за каня загубленага. Але ж... miser res sacra (няшчасны – сьвятое стварэньне) – прадаўна выснаваў Сэнэка.

Была і ў кузьні, і ў млыне; і ў коле была, і ў мяле; была і на возе, і пад возам; была і на лаве, і пад лаваю – гэтакая пагалоска й хадзіла ў навакольлі пра маю рупліўку-маці. А як дакладней, дык была і на кані, і пад канём, і ў каня пад хвастом.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG