Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмысловая рабочая група ў справах Беларусі будзе знаёміцца з новым складам Нацыянальнага сходу


Уладзімер Глод, Менск 1 лютага пачынаецца візыт у Менск адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Яе ачольвае дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф. Апошнім разам спадарыня Цапф і сябры ейнай групы былі ў Беларусі ўлетку мінулага году. Чым выкліканы новы візыт у Беларусь адмысловай рабочай групы?

Паседжаньне адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі пройдзе ў Менску зь 1 па 3 лютага. Перадусім, міжнародныя парлямэнтары хочуць пазнаёміцца з новым складам Нацыянальнага сходу Беларусі. Таму плянуюцца дыскусіі з прадстаўнікамі беларускага парлямэнту. Нагадаю, што ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ для Беларусі працяглы час існавала канцэпцыя пустога крэсла, калі неабходных паўнамоцтваў у гэтай міжнароднай структуры ня мелі ні апошні дэмакратычна абраны парлямэнт, Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, ні Палата прадстаўнікоў.

Але два гады таму Парлямэнцкая асамблея АБСЭ вырашыла лічыць Палату прадстаўнікоў паўнацэнным прадстаўніком беларускага парлямэнтарызму. Калі прымалася гэтае рашэньне, Ута Цапф ды некаторыя іншыя міжнародныя парлямэнтары спадзяваліся, што такія захады пойдуць на карысьць дэмакратыі ў Беларусі. Аднак час паказаў, што пасьля гэтага дэмакратыі, на жаль, у Беларусі больш не стала.

Учора я патэлефанаваў у Бэрлін да спадарыні Уты Цапф і пацікавіўся, што яна асабіста чакае ад гэтага візыту. І вось што яна мне сказала з гэтай нагоды:

(Цапф: ) “Мы хочам працягнуць нашую працу адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Таму мы хочам сустрэцца з новым складам беларускай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі, абмеркаваць і параіцца, як нам лепш правесьці сэрыю адкрытых сэмінараў ня толькі для парлямэнтароў, але й іншых асобаў, пра што мы дамаўляліся ў Эдынбургу. І яшчэ мы хочам паразмаўляць пра іншыя вельмі важныя тэмы, што стаяць у парадку дня сумесных сустрэч рабочай групы і парлямэнту. І, канешне, мы зьбіраемся сустрэцца з апазыцыйнымі палітыкамі, прадстаўнікамі палітычных партыяў і г.д.”.

Я ўжо казаў пра тое, што апошні раз група Уты Цапф наведала Беларусь летам 2004 году. Пасьля гэтага ў краіне прайшлі выбары ў Палату прадстаўнікоў, была ўтвораная новая вышэйшая палата Нацыянальнага сходу – Савет рэспублікі. Зразумела, што замежнікаў, якія не былі ў Беларусі ўжо больш за паўгода, цікавіць, што ж тут адбылося насамрэч. І ў гэтым сэнсе іх можна зразумець, тым больш што склад адмысловай групы абнавіўся – напрыклад, дадаўся парлямэнтар з Вугоршчыны Гарбар Гарс.

А што чакаюць ад візыту беларускія палітыкі? Вось як тлумачыць новы візыт намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, які курыруе, перадусім, міжнародныя стасункі:

(Раманчук: ) “Перадусім, гэты візыт робіцца дзеля таго, каб паглядзець, што адбываецца ў Беларусі пасьля рэфэрэндуму, пасьля парлямэнцкіх выбараў, паглядзець, які настрой у дэмакратычных сілаў, якія яны маюць пляны на прэзыдэнцкія выбары, паглядзець, што адбываецца ў партыях, у грамадзкай супольнасьці, каб потым перадаць гэтую інфармацыю ў АБСЭ й структуры Эўразьвязу. Я думаю, што гэта місія будзе першай, але не апошняй у цэлым радзе йншых сустрэч, якія адбудуцца на працягу апошніх месяца-двух”.

Візыт рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі можна назваць чарговым наведваньнем замежных парлямэнтароў Беларусі. Гэта ня першая, і, можна думаць, не апошняя паездка ў Менск. Бадай, ужо немагчыма падлічыць, колькі разоў Ута Цапф, Адрыян Севярын, Тэры Дэйвіс ды іншыя вядомыя палітыкі наведвалі Беларусь. Было шмат перамоваў, шмат абяцанкаў, шмат спадзяваньняў на зьмены да лепшага. Але, на жаль, па вялікаму рахунку, сытуацыя фактычна не зьмяняецца.

Я зьвярнуўся з пытаньнем пра тое, калі ж можна будзе пабачыць вынікі ад падобных візытаў, да Яраслава Раманчука. Ягоны адказ быў такім:

(Раманчук: ) “Вынікі будуць тады, калі Эўразьвяз, АБСЭ ды Рады Эўропы зоймуць больш канструктыўную пазыцыю і будуць праводзіць больш актыўную палітыку адносна Беларусі. Я думаю, што тая інфармацыя, якую замежнікі пачуюць тут аб кансалідацыі дэмакратычных сілаў, аб адзінай стратэгіі, дазволіць ім больш актыўна працаваць у справах Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG