Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меншчыну занесла сьнегам


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Зьмена надвор’я, што назіраецца цяпер у Беларусі, прынесла сьнегапады, а зь імі і клопаты жыхарам многіх паселішчаў. Асабліва востра наступствы пахаладаньня адчуваюць насельнікі аддаленых вёсак.

Вёска Раёк, што ў Капыльскім раёне, месьціцца ўбаку ад ажыўленых аўтатрасаў. Як паведаміла яе жыхарка Наля Федаровіч, ноччу яе занесла сьнегам:

(Федаровіч: ) “Сёньня я праз пасёлак ледзьве перайшла. І так турбуюся, бо заўтра “хлебная” машына. І як мне будзе ўзяць хлеба? Сьнегу намяло амаль да калена. А я тут жыву ў канцы вёскі адна. І калі так робіцца, то хуткая дапамога ніяк ня можа даехаць. І ўперад былі сьнягі, але ніхто іх ня чысьціў. І сёньня яшчэ ня чышчана. І ня ведаю, што рабіць”.

З падобнымі праблемамі сутыкнуліся і вяскоўцы Крупскага раёну. Вось што паведаміла пэнсіянэрка вёскі Дубы Надзея Кукушкіна:

(Кукушкіна: ) “Сёньня нападала шмат сьнегу, яшчэ ідзе і цяпер. Захудава, Старожышча — вёскі, да якіх кепска дабрацца. Хлеб прывозяць да нас два разы на тыдзень. Прывозяць у сераду і суботу. Могуць і не расчысьціць”.

Ад цяперашняга сьнегападу, як паведаміла мне старшыня выканкаму Дуброўскага сельсавету Пухавіцкага раёну Алена Сыцэвіч, найперш пацярпелі жыхары так званых непэрспэктыўных вёсак.

(Сыцэвіч: ) “У нас сёньня ўзьнікла праблема ў Запярыньні. Дарога там празь лес, там дзеткам у школу — і сёньня яны не патрапілі. У Пушчы ў нас жыве сем чалавек. Ад цэнтральнай сядзібы да Пушчы — сямнаццаць кілямэтраў”.

Паводле спадарыні Сыцэвіч, Дуброўскаму сельсавету складана змагацца з такімі стыхіямі як сьнегапады. На гэта патрэбны дадатковыя сродкі, якіх цяпер няма. Галоўная ж адказнасць у змаганьні са сьнегападамі ляжыць на рэгіянальных структурах Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Напрыклад, у Бярэзінскім раёне, як паведаміў мне начальнік раённага аддзелу гэтага міністэрства Аляксандар Пранчак, узьніклі такія праблемы:

(Пранчак: ) “Вялікі сьнег выпаў. Сантымэтраў трыццаць-сорак дык дакладна. Бяды такой, зьвязанай з дахамі, пакуль няма, але дарогі пазамятала. Вялікая праблема цяпер і пад’езды да вадаёмаў, якія пазамятала”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG