Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета чакаецца перарэгістрацыя фірмаў, якія займаюца працаўладкаваньнем за мяжой


Ігар Карней, Менск З ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі сёлета можа пачацца перарэгістрацыя арганізацыяў, якія займаюцца працаўладкаваньнем грамадзянаў Беларусі за межамі краіны. На думку кіраўніка дзяржавы, кантроль за гэтай сфэрай неабходны перадусім дзеля таго, каб абараніць беларусаў ад няволі. У фірмах перакананыя, што ўмяшальніцтва дзяржавы ў гэтую сфэру папросту зьнішчыць альтэрнатыву працаўладкаваньня.

Як заявіў Аляксандар Лукашэнка, мінімальным пакараньнем за несумленнае працаўладкаваньне за мяжой будзе крымінальная адказнасьць з наступнай канфіскацыяй маёмасьці. Некалькі маіх тэлефанаваньняў засьведчылі, што настроі ў фірмах досыць панічныя: у тым, што намеры Лукашэнкі сур’ёзныя, у агенцтвах працаўладкаваньня не сумняюцца. Супрацоўніца менскай фірмы “JetEXPO” кажа, што рашэньне абавязкова будзе мець працяг.

(Супрацоўніца “JetEXPO”: ) “Ну, канечне, натуральна ж. Але мы сваё меркаваньне пакінем, пэўна, пры сабе. Пакуль чакаем самі. Да таго ж, рашэньне яшчэ не надрукаванае, не прынятае да канца”.

У Беларусі працаўладкаваньнем за мяжой займаецца блізу двух соцень агенцтваў, ліцэнзіі ім выдае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У некаторых зь іх лічаць, што ў выпадку маштабнай перарэгістрацыі значная частка фірмаў з рынку зьнікне. Згодна з пажаданьнем А.Лукашэнкі, застануцца толькі арганізацыі з дарагой маёмасьцю, якую можна апісаць на карысьць дзяржавы. Прыватнікі з дробным абаротам і кватэрнымі офісамі пэрспэктываў практычна пазбаўленыя. Між тым, зацікаўленыя асобы і структуры перакананыя, што ізаляваць беларусаў у межах краіны ўжо немагчыма. Удзельнікі рынку прагназуюць, што ў выпадку істотных абмежаваньняў на выезд накіроўваць на працу будуць паўпадпольна. І такой магчымасьцю вымушаныя будуць карыстацца ўсе — ад студэнтаў да сэзонных рабочых. Апавядае фізык-навуковец Ігар Сташкевіч:

(Сташкевіч: ) “Калі магчымасьць зьехаць здарыцца, дык чалавек зробіць гэта з задавальненьнем — нягледзячы ні на што. Таму што тут працаваць па спэцыяльнасьці магчымасьці няма. Дарэчы, у абсалютнай бальшыні тыя навукоўцы, якіх я ведаю і якія адсюль зьехалі, усе працуюць па спэцыяльнасьці”.

Дзеля справядлівасьці, выпадкі невыкананьня асобнымі фірмамі сваіх забавязаньняў сапраўды здараюцца. Мянчук Барыс Бярозкін увесь мінулы год адпрацаваў на будоўлях у Партугаліі. А вось групу, якая ехала сьледам, ніхто там не чакаў — дрэнна спрацаваў менскі офіс.

(Бярозкін: ) “Прыяжджалі іншыя групы, мы ведаем, што іх там канкрэтна “кінулі”. Трымалі тыднямі, казалі: няма, хлопцы, працы. Хто разумнейшы, завярнуўся ды зьехаў дадому. А іншыя, хто не захацеў, сядзяць дагэтуль: гатэль сваім коштам аплачваюць і пашпартоў няма”.

Мяркуецца, што перарэгістрацыя беларускіх фірмаў, якія займаюца працаўладкаваньнем за мяжой, можа пачацца ўжо сёлета.

Паводле міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава працэс перарэгістрацыі фірмаў, якія афармляюць дакумэнты для працы за мяжой, пройдзе на працягу месяца. Ён паведаміў, што ўся патрэбная інфармацыя была сыстэматызаваная пра падрыхтоўцы дэкрэту прэзыдэнта “Аб некаторых мерах па супрацьдзеяньню гандлю людзьмі”.

Міністар Навумаў заявіў, што ў найбліжэйшы час будуць прынятыя меры, якія дазволяць на траціну скараціць колькасьць такіх злачынстваў”.

“Трэба перакрыць крыніцу праблемы” – сказаў Уладзімер Навумаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG