Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юшчанка паабяцаў перагледзець пагадненьне “чатырох” аб АЭП


Алесь Дашчынскі, Менск Падчас знаходжаньня ў Польшчы прэзыдэнт Віктар Юшчанка заявіў, што Ўкраіна перагледзіць пагадненьне аб адзінай эканамічнай прасторы (АЭП), якое было падпісана ў 2003 годзе зь Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам. Паводле Юшчанкі, пры рэалізацыі рэгіянальных праектаў Украіна будзе кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі. Падобныя пагадненьні не павінны перашкаджаць стратэгічнай мэце Ўкраіны, а менавіта – яе інтэграцыі ў Эўрапейскі зьвяз.

Як вядома, былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма падпісаў згаданае пагадненьне з агаворкай, што Ўкраіна будзе прымаць удзел у фармаваньні і дзейнасьці адзінай эканамічнай прасторы ў рамках, якія адпавядаюць канстытуцыі краіны. Нагадаю, што ў часе ратыфікацыі гэтага пагадненьня ва ўкраінскім парлямэнце ў галасаваньні ня бралі ўдзелу фракцыі “Наша Ўкраіна”, Сацпартыі, а таксама блёк Юліі Цімашэнкі. А цяпер новае ўкраінскае кіраўніцтва абяцае перагледзіць пагадненьне “чатырох” нават з гэтай агаворкай.

Падчас візыту ў Маскву Віктар Юшчанка заявіў, што ўдзел Украіны ў адзінай эканамічнай прасторы магчымы толькі пры той умове, калі ён будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам краіны і ня будзе перакрываць шлях да іншых рынкаў. Паводле Юшчанкі, адносіны Ўкраіны з суседзямі павінны быць максымальна фармалізаваныя, усё што тычыцца руху капіталаў, тавараў, мусіць быць фармальна аформлена. Да гэтага пытаньня ён абяцае вярнуцца пасьля фармаваньня новага ўраду, які ўважліва разгледзіць гэтае пагадненьне, і затым пачнуцца адпаведныя перамовы з расейскім бокам.

На паседжаньні групы высокага ўзроўню ў мінулым годзе ў Менску ўрады “чатырох” падрыхтавалі 29 першачарговых дакумэнтаў па фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы, якія прадугледжваюць стварэньне зоны свабоднага гандлю. Які цяпер лёс гэтых дакумэнтаў?

Плянавалася, што прэзыдэнты “чатырох” разгледзяць іх у сьнежні, потым гэтую сустрэчу перанесьлі на пачатак лютага, і пакуль невядома, калі будзе вызначана дата гэтай сустрэчы, і ці адбудзецца яна наогул ў зьвязку з такімі заявамі ўкраінскага прэзыдэнта.

Дарэчы, Віктар Юшчанка таксама заявіў, што многія з пагадненьняў дагэтуль не былі абнародаваны. Ён абяцае правесьці рэвізію ўсіх заключаных Украінай міжнародных дамоваў.

У афіцыйнага Менску заява прэзыдэнта Віктара Юшчанкі пра перагляд пагадненьня аб адзінай эканамічнай прасторы ня выклікала аптымізму: адны спадзяюцца на тое, што ўкраінскі прэзыдэнт усё ж захавае ўдзел Украіны ў “чацьвёрцы”, а іншыя лічаць, што гэтая заява, маўляў, “даўно падрыхтавана тымі сіламі, якія дапамаглі Юшчанку заняць пасаду прэзыдэнта”.

Беларускі МЗС пакуль адмаўляецца камэнтаваць заяву прэзыдэнта Ўкраіны. Прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных спаслаўся на тое, што беларускі бок пакуль не атрымаў украінскіх прапановаў.

(Савіных: ) “Беларусь зацікаўлена ў разьвіцьці АЭП, і ў першую чаргу як інструмэнта, які будзе садзейнічаць сацыяльна-эканамічнаму разьвіцьцю краін-удзельніцаў”.

Прэзыдэнцкі сэнатар, старшыня камісіі па міжнародных справах Мікалай Чаргінец лічыць, што ўкраінскі бок павінен даслаць тлумачэньні.

(Чаргінец: ) “Ніводны дакумэнт ня можа быць самым дасканалым, могуць паступаць прапановы, якія яго паляпшаюць, таму тут трэба азнаёміцца з сутнасьцю яго прапаноў. Тое, што ён зрабіў такую заяву, не азначае, што гэта ідзе ў процівагу нашым рэспублікам. Проста трэба атрымаць ад яго канкрэтныя прапановы, а пакуль гэта толькі рыторыка”.

Намесьнік старшыні дэпутацкай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян лічыць заяву Віктара Юшчанкі невыпадковай.

(Касьцян: ) “Яна даўно ўжо падрыхтавана, добра прадумана і нават абмеркавана з тымі сіламі, якія рыхтавалі Юшчанку да гэтай пасады і якія дапамаглі яму заняць гэтую пасаду. А калі Ўкраіна парушыць гэтыя пагадненьні, то гэта вельмі цяжка адаб’ецца на ўзроўні жыцьця простых грамадзянаў Украіны. Адзіная эканамічная прастора была створана па патрабаваньні народаў Казахстана, Беларусі, Расеі і Ўкраіны, і кіраўнікі дзяржаў гэта разумелі, што калі яны пойдуць супраць жаданьня сваіх народаў, то яны перастануць быць кіраўнікамі ў сваіх дзяржавах”.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пакуль не выказваўся адносна абяцаньня Віктара Юшчанкі перагледзець дамову аб адзінай эканамічнай прасторы. Раней ён агітаваў Украіну ўвайсьці ўрэшце ў саюз “чатырох” увогуле без агаворак – Лукашэнка клапаціўся пра тое, каб “адзіную эканамічную прастору” не напаткаў лёс СНД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG