Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрыманы паплечнік Марыніча, былы дырэктар аднаго менскага заводу


Алег Грузьдзіловіч, Менск 27 студзеня ў Менску быў затрыманы былы дырэктар менскага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі Міхаіл Крывамаз. Ён вядомы як адзін з заснавальнікаў Грамадзянскай партыі Беларусі пад кіраўніцтвам Васіля Шлындзікава і як сябра “Беларускай асацыяцыі “Дзелавая ініцыятыва””, якую ўзначальвае Міхаіл Марыніч.

Зьвесткі пра затрыманьне Міхаіла Крывамаза пацьвердзілі ў аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі міліцыі Савецкага раёна сталіцы. Міліцыянты аднак не патлумачылі, у чым дакладна падазраецца былы дырэктар.

Зь неафіцыйных крыніцаў вядома, што Міхаіла Крывамаза затрымалі на вуліцы, неўзабаве пасьля ягонага вяртаньня з камандзіроўкі ў Маскву.

Больш за 10 гадоў Міхаіл Крывамаз кіраваў заводам імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, які вядомы ў Беларусі як адзін з найбуйнейшых заводаў па вытворчасьці станкоў. Летась яго звольнілі з пасады дырэктара.

Ягоны знаёмы Васіль Шлындзікаў, былы дэпутат Вярхоўнага Савета, не выключае, што Крывамаз пасьля звальненьня спрабаваў наладзіць сучасную мадэль вытворчасьці станкоў. Васіль Шлындзікаў высока ацаніў асабістыя якасьці Міхаіла Крывамаза.

(Шлындзікаў: ) “Вельмі таленавіты і разумны чалавек. Мая асабістая ацэнка, што ён адзін з самых падрыхтаваных кіраўнікоў прамысловасьці ўвогуле і станкабудаваньня ў прыватнасьці. І яшчэ зь яго мог бы быць добры палітычны лідэр, але ён гэтым займацца не пажадаў і не жадае”.

Васілю Шлындзікаву невядома, каб да Міхаіла Кравамаза былі нейкія прэтэнзіі праваахоўных органаў, і ён не выключае, што адной з прычынаў увагі ўладаў да Міхаіла Крывамаза было тое, што ён быў сябрам асацыяцыі “Дзелавая ініцыятыва”, якой кіраваў Міхаіл Марыніч.

Арышты вядомых гаспадарнікаў сталіся звычайнай зьявай у сучаснай Беларусі. Нагадаем, напрыканцы мінулага году былі арыштаваныя дырэктар Наваполацкага аб’яднаньня “Нафтан” Канстанцін Часнавіцкі і ягоныя намесьнікі, дырэктар Менскага падшыпнікавага заводу Валер Пенза, старшыня камітэта Дзяржавіяцыі Фёдар Іваноў ды іншыя кіраўнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG