Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалобная цырымонія ў Асьвенціме


Юры Дракахруст, Прага Больш за 40 кіраўнікоў дзяржаваў разам зь вязьнямі, якія выжылі, аддалі сёньня даніну памяці тым, хто загінуў тут. На жалобнай цырымоніі ў Асьвенціме прысутнічаў і карэспандэнт Радыё Свабода Джэфры Донаван: “Магчыма, гэта найлепшы час, каб наведаць Асьвенцім. Падае сьнег, сьняжынкі рыпяць пад нагамі. Хмарны зімовы дзень стварае адпаведны фон тым жахам, якія дзеяліся тут. Пра іх нагадваюць пустыя баракі, газавыя камэры, чорна-белыя фатаздымкі з жыцьця і сьмерці”.

Да 1,5 мільёна чалавек былі забітыя тут, у двайным лягеры Аўшвіц-Біркенаў (Аўшвіц і Біркенаў -- нямецкія варыянты назваў мястэчка Асьвенцім і вёскі Бжазінка). Большасьць забітых былі габрэямі, шмат каго зь іх адправілі ў газавыя камэры адразу пасьля таго, як прывезьлі ў лягер. Сярод забітых таксама тысячы палякаў, цыганоў, гомасэксуалістаў, палітвязьняў, ваеннапалонных з Эўропы і былога СССР.

Наведніка, які ўваходзіць у Асьвенцім праз галоўную браму, сустракае лёзунг “Arbeit macht frei” (“Праца робіць свабодным”). Штодзень праз гэтую браму тысячы вязьняў ішлі на прымусовую працу, шмат хто зь іх не вяртаўся жывым. Калёны вязьняў суправаджала тады музыка лягернага аркестру.

За даўгім плотам з калючага дроту – лягерныя баракі, дзе цяпер выстаўленыя фатаздымкі, асабістыя рэчы, дакумэнты вязьняў. Але яшчэ больш моцнае ўражаньне робяць крэматорыя і газавыя камэры Біркенаў, лягеру, адкрытага побач з Аўшвіцам, каб паскорыць вызначанае Гітлерам “канчатковае разьвязаньне” габрэйскай праблемы.

Біркенаў быў самым вялікім лягерам сьмерці сярод мноства іншых, раскінутых па Эўропе і былым СССР.

Сёньняшняя жалобная цырымонія пачалася з гуку тармазоў аднаго зь цягнікоў, якія з розных краінаў прывозілі вагоны зь вязьнямі ў Аўшвіц.

Больш за 30 кіраўнікоў дзяржаваў разам зь нешматлікімі вязьнямі, якія выжылі, аддавалі сёньня даніну памяці тым, хто загінуў.

Міністар культуры Польшчы Вальдэмар Даброўскі на пачатку цырымоніі сказаў:

(Даброўскі: ) “Мы знаходзімся на месцы самых вялікіх могілак у сьвеце, могілак, дзе няма ні магілаў, ні камянёў, але дзе ляжыць попел больш за паўтара мільёна людзей”.

У 1944 годзе, напярэдадні вызваленьня канцлягеру савецкімі войскамі, нацысты, каб схаваць сьляды сваіх злачынстваў, зьнішчылі дынамітам крэматорыі і газавыя камэры Біркенаў. Але сярод руінаў відаць пакоі, дзе вязьні распраналіся – ім казалі, што для таго, каб прыняць душ. Відаць і камэры, куды пускалі газ "Цыклён Б".

Генрык Мандэльбаўм быў членам адмысловай каманды, сфармаванай нацыстамі зь вязьняў-габрэяў. Мэтай каманды было перамяшчэньне ў крэматорыю целаў забітых, сотняў целаў кожны дзень. Маці, бацька, брат і сястра Генрыка загінулі ў Біркенаў.

(Генрык Мандэльбаўм: ) “Вы кладзяце труп на насілкі, потым на ролікі, коціце труп у печ. Там стаяў адзін хлопец, які трымаў вілы, даўгія вілы, раздвоеныя на канцы. І ён падштурхоўваў гэтымі віламі труп у прамежнасьць. Навошта? А каб ногі не разышліся – каб вы маглі зачыніць дзьверы”.

Гэтая каманда, у якой быў Генрык Мандэльбаўм, налічвала 730 чалавек. У жывых засталося пяцёра.

У 1960-х гадох у Нямеччыне адбыўся так званы Франкфурцкі працэс над старшымі афіцэрамі СС лягеру Асьвенцім-Біркенаў.
XS
SM
MD
LG