Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Іраку адбудуцца ва ўмовах надзвычайных захадаў бясьпекі


Ганна Соусь, Прага У нядзелю ў Іраку маюць адбыцца ўсеагульныя выбары ў даволі незвычайных абставінах з прычыны істотнага павелічэньня захадаў бясьпекі. 30 студзеня будзе забаронена езьдзіць на аўтамабілі без дазволу. У некаторых рэгіёнах Іраку выбарцы ўпершыню пабачаць сьпісы кандыдатаў, калі прыйдуць на выбарчыя ўчасткі. Ня будуць прадстаўленыя на выбарах і міжнародныя назіральнікі.

Напярэдадні ўсеагульных выбараў у Іраку ірацкія і амэрыканскія чыноўнікі неаднаразова заклікалі ірацкіх выбарцаў узяць удзел у галасаваньні. Учора прэзыдэнт ЗША Джордж Буш зьвярнуўся да ірацкіх выбарцаў з заклікам адказна паставіцца да выбару новай Нацыянальнай асамблеі.

(Буш: ) “Тэрарысты ў Іраку абвясьцілі вайну дэмакратыі і народу. Але выбары ўсё роўна адбудуцца. Мільёны ізраільскіх выбарцаў прадэманструюць мужнасьць, адданасьць сваёй краіне і жаданьне свабоды”.

У той жа час паўстанцкія групоўкі ў Іраку запэўніваюць у тым, што яны будуць перашкаджаць працэсу галасаваньня. Адна з груповак празь інтэрнэт даслала відэазапіс з наступнымі пагрозамі.

(Паўстанец: ) "Мы – муджагеды Нінэвійскай правінцыі клянемся Алахам, што будзе дзейнічаць мячом дзеля Ісламу, і тое, што яны называюць выбарамі, не мае ніякага дачыненьня да ісламскай рэлігіі, і таму мы будзем наносіць удары па ўсім выбарчым участкам, як таго хоча Алах!”



У дзень галасаваньня ў нядзелю будуць прынятыя надзвычайныя захады бясьпекі. Месца знаходжаньня выбарчых участкаў ў некаторых праблемных раёнах будзе абвешчана ў самы апошні момант.

Гэтак жа, як і ў некаторых рэгіёнах да выбараў не былі абнародаваныя імёны кандыдатаў, каб прадухіліць спробы іх забойства.

З прычыны высокай рызыкі на выбарах ня будуць прысутнічаць і міжнародныя назіральнікі, якія павінны былі бы зрабіць выснову, ці было галасаваньне свабодным і справядлівым. Замест іх кантраляваць выбары будуць прадстаўнікі Ірацкай незалежнай выбарчай камісіі.

Міжнародныя назіральнікі пазьней ацэняць легітымнасьць галасаваньня, абапіраючыся на інфармацыю ірацкіх назіральнікаў і прадстаўнікоў ААН, якія дапамагаюць арганізоўваць выбары.

Адзін з прадстаўнікоў ААН ў Іраку Карлас Валенцуэла прызнаў, што меры бясьпекі зрабілі ўмовы выбраў “далёкімі ад ідэалу”.

Каб абараніць выбарцаў, побач з участкамі будуць разьмешчаныя ірацкія сілы бясьпекі. Амэрыканскія ды іншыя замежныя войскі ня будуць набліжацца да ўчасткаў, але будуць знаходзіцца на такой адлегласьці, каб пры неабходнасьці дапамагчы ірацкім сілам бясьпекі. Будуць таксама ўведзеныя абмежаваньні на падарожжа ў краіне, Ірак закрые свае межы за тры дні да выбараў, а Багдадзкі міжнародны аэрапорт будзе зачынены на ўікенд.

У нядзелю езьдзіць на аўтамабілях можна будзе толькі з дазволу ўраду. Гэта робіцца, каб засьцерагчыся найбольш такой распаўсюджанай формы тэракту, як падкладаньне мінаў у аўтамабілі.

Іракцы будуць выбіраць 275 дэпутатаў Нацыянальнай Асамблеі, якая ў сваю чаргу абярэ наступны пераходны ўрад Іраку і будзе назіраць за стварэньнем новай пасьлясадамаўскай Канстытуцыі Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG