Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вязьні Асьвенціму згадваюць пра тое, як выжылі ў канцлягеры


Альгерд Невяроўскі, Менск Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі вязьняў і ўдзельнікаў супраціву, два гады таму ў Беларусі пражывала 475 былых вязьняў нацысцкага канцлягеру Асьвенцім. З кожным годам іх становіцца ўсё менш. Наш карэспандэнт сустрэўся з жанчынамі, якія ў 1943–1944 былі вязьнямі гэтага лягеру. Яны згадалі тыя моманты знаходжаньня ў Асьвенціме, якія пакінулі найбольш глыбокі сьлед у іхным жыцьці.

Усе тры мае суразмоўцы былі арыштаваныя ў Беларусі нямецкім СД за сувязь з партызанамі. Пасьля допытаў у Менску іх у 1943 і 1944 гадах як палітычных злачынцаў і ворагаў Райху адправілі ў Асьвенцім. Галіне Кастрыцкай найбольш запомніўся яе прыезд у лягер. Фашысты адразу ж загналі пасажыраў менскага транспарту ў крэматорый. Апавядае спадарыня Кастрыцкая:

(Кастрыцкая: ) “Прыйшоў эшалён габрэяў і наш эшалён. Выгрузілі габрэяў і пагналі адразу ж у крэматорый. Дзялілі на групы па 50 чалавек — і ў крэматорый. А нас пагналі пешам адразу ж у крэматорый. Калі мы прыйшлі, мы ж ня ведалі, што гэта крэматорый. Там працавалі палякі і яны сказалі: вось што вас чакае — і паказалі на дым, які валіў з коміну. Немцы пачалі нас распранаць, абстрыглі ўсіх, а мы ж ня ведаем, куды прыгналі, гавораць: лазьня, лазьня. І тут прыбег немец і пытае: чаму тут расейцы? Ахова гаворыць: ня ведаем. Ён аддаў загад, і нас адразу пагналі з крэматорыя ў залю. Далі адзеньне не па росьце, габрэяў распраналі, а нам аддалі гэтае адзеньне, і адтуль пагналі прама ў лягеры”.

Любоў Карповіч таксама была сярод тых людзей, якіх фашысты загналі ў крэматорый. Але прыгадала яна іншую гісторыю:

(Карповіч: ) “1 чэрвеня прывезьлі ў канцлягер Асьвенцім. Выкалалі нумар, апранулі ў паласатае адзеньне з чырвоным знакам — гэта значыць палітычны. І сталі ганяць на работы. Капалі ўмацаваньні, трохі палолі, часьцей за ўсё я працавала на тэрыторыі лягеру. Адзін раз я адкачвала ваду з каналу, які знаходзіўся каля крэматорыя. І я пачула, як хлопец насьвіствае “Кацюшу”. І я яму крычу: “Ты рускі?” Рускі, адказвае. “А што ты тут робіш?” — “Адпраўляю людзей на сьмерць”. — “Ну і як?” — пытаю. “Я вельмі моцна перажываю, кожны дзень плачу, у суткі выпальваю па 100 цыгарэтаў, — гаворыць. — Можа, ты патрапіш на свабоду?” Назваў мне сваё імя, прозьвішча і адрас. Забыла я ўсё гэта, нічога ня памятаю, і вельмі з-за гэтага перажываю”.

А вось што прыгадала пра Асьвенцім Галіна Стучынская:

(Стучынская: ) “Я мала пабыла ў лягеры, бо адразу захварэла на тыфус. Мне было 18 гадоў. І калі мне памерылі тэмпэратуру, быў 41 градус. Мяне паклалі на трохпавярховыя драўляныя нары, і я апынулася на самым верхнім ярусе. Прайшоў крызіс сыпнога тыфусу, пачаўся брушны. А тут пачалася сэлекцыя. Сэлекцыя — гэта адбор людзей. І калі запісвалі з рукі наш нумар, то гэта ўжо крэматорый. І я чую, што тыя, хто ляжыць ніжэй, іх ужо запісваюць. Барак вялікі, больш як тысяча чалавек там ляжала. Я зразумела, што гэта сэлекцыя. Я была на гэтым ярусе адна і залезла пад матрац. Можа, нехта і зазірнуў і ня ўбачыў, а можа, на трэці паверх ніхто і не падымаўся. Але гэтую ноч я правяла як у кашмары. Вось забралі з бараку хворых на тыфус — маці і двое дзяцей. У дзяцей запісваюць нумар, а маці застаецца жывой. Палова зь іх там звар’яцела”.

Прайшоўшы жахі Асьвенціму ды іншых канцлягераў, гэтыя жанчыны былі шакаваныя прыёмам, што арганізавала ім савецкая ўлада. Іх ня раз выклікалі на допыты ў НКВД, пыталіся, чаму гэта яны паехалі з фашыстамі за мяжу, і да 1953 году былыя вязьні Асьвенціму не маглі ўладкавацца на сталую працу.
XS
SM
MD
LG