Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пургурыдэс расчараваны бязьдзейнасьцю Рады Эўропы што да Беларусі


Юры Сьвірко, Менск Дэпутат парлямэнту Кіпру, сябра ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс ня здолеў у сераду атрымаць адказ ад польскага старшынёўства Камітэту міністраў Рады Эўропы на свой запыт пра санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва. Мяркуецца, што пісьмовы адказ будзе абнародаваны ў чацьвер.

Як тлумачыцца афіцыйна, прадстаўнік польскага старшынёўства Камітэту міністраў ня змог адказаць на ўсе пытаньні сяброў ПАРЭ падчас пленарнага паседжаньня ў сераду, таму будуць дадзеныя пісьмовыя адказы, якія будуць абнародаваныя ў Страсбуры раніцай у чацьвер.

У лік тых, на чые запыты пакуль не адказалі, трапіў і аўтар вядомага дакладу “Зьніклыя асобы ў Беларусі” Хрыстас Пургурыдэс, які сказаў Радыё Свабода, што ён вельмі расчараваны бязьдзейнасьцю Камітэту міністраў Рады Эўропы ў дачыненьні да Беларусі.

Ён нагадаў, што прынятыя пасьля ягонага дакладу рэкамэндацыі ПАРЭ заклікалі да санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва, якое супрацьдзейнічае сапраўднаму расьсьледаваньню справаў зьніклых:

(Пургурыдэс: ) “Праект рэзалюцыі, прыняты Парлямэнцкай асамблеяй, быў перададзены ў Камітэт міністраў для дзеяньняў і камэнтароў. Камітэт міністраў даў нам адказ, і мой запыт тычыцца гэтага адказу, дадзенага тыдзень ці два таму. Я цалкам незадаволены гэты адказам, бо ў Беларусі – дыктатар, а Камітэт міністраў абраў вельмі мяккую лінію”.

Спадар Пургурыдэс дадаў: таго, што прапанаваў наконт Беларусі Камітэт міністраў Рады Эўропы, абсалютна недастаткова.

У чацьвер, пасьля таго, як будзе дадзены новы адказ, падкамітэт ПАРЭ па Беларусі зноў абмяркуе сытуацыю. Літоўскі дэпутат Ёнас Чэкуоліс падрыхтаваў праект адпаведнага мэмарандуму, будуць праведзеныя адмысловыя кансультацыі з дакладчыкам па Беларусі камітэту правоў чалавека ААН Адрыянам Севярынам – былым старшынём ПА АБСЭ, які прыехаў у Страсбур. Вось што сказаў Радыё Свабода Хрыстас Пургурыдэс:

(Пургурыдэс: ) “Настроі ў Парлямэнцкай асамблеі наконт дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі надзвычай моцныя. Усе парлямэнтары ад усіх бакоў назіраюць за сытуацыяй у Беларусі зь велізарнай заклапочанасьцю”.

Напярэдадні старшынём падкамітэту ПАРЭ па Беларусі быў абраны эстонец Андрэс Геркель, а ягонай намесьніцай – Рэнатэ Вульвэнд зь Ліхтэнштэйну.

Спадар Геркель ужо заявіў, што “рэжым Аляксандра Лукашэнкі не пакідае магчымасьці для паўнавартаснага супрацоўніцтва й разьвіцьця двухбаковых сувязяў”, і дадаў, што ў цяперашніх абставінах эўрапейцы “не гатовыя легітымізаваць уладу Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG