Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Юшчанка заявіў, што ён і Лукашэнка па розныя бакі барыкадаў


Валер Каліноўскі, Менск Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка нэгатыўна выказаўся наконт рэжыму, які замінае двухбаковаму супрацоўніцтву Ўкраіны і Беларусі. Якая рэакцыя ў Менску на заявы новага ўкраінскага прэзыдэнта?

На прэсавай канфэрэнцыі ў Радзе Эўропы Віктар Юшчанка зазначыў, што наяўнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўскладняе пэрспэктывы адносінаў Украіны зь Беларусьсю. Спадар Юшчанка прызнаў, што ён з Лукашэнкам знаходзіцца па розныя бакі барыкадаў, і заявіў, што будзе “саюзьнікам ва ўсіх справах, якія спрыяюць дэмакратызацыі Беларусі”. Віктар Юшчанка дадаў, што ён “шчасьлівы, што на Майдане быў бела-чырвона -белы беларускі сьцяг”, што ён гутарыў з грамадзянамі Беларусі, якія мелі свой намёт на Храшчаціку і назваў іх “годнымі і мужнымі людзьмі”.

У МЗС Беларусі вывучаюць заявы прэзыдэнта Юшчанкі, але ніякай афіцыйнай рэакцыі на іх няма, паведаміў “Свабодзе” прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

(Савіных: ) “Так, нам вядома пра ягоныя выказваньні, але ўсё гэта пакуль што прыйшло з крыніцаў, якія трэба правяраць. Мы перакананыя, што ўлічваючы хаця б фактар суседзтва, адносіны Беларусі і Ўкраіны будуць разьвівацца дастаткова дынамічна, на ўзаемавыгаднай, узаемапаважнай аснове. Ва ўсякім выпадку, беларускі бок будзе зыходзіць з гэтых прынцыпаў ва ўзаемадзеяньні з украінскім бокам”.

Спадар Савіных мяркуе, што ў прадстаўнікоў афіцыйнага Менску будзе яшчэ шмат сустрэчаў з афіцыйнымі прадстаўнікамі Ўкраіны дзеля абмеркаваньня такіх пытаньняў. Прадстаўнікі беларускай апазыцыі ацэньваюць словы Віктара Юшчанкі як салідарызацыю з эўрапейскімі ацэнкамі сытуацыі ў Беларусі. “Гэта сынхранізацыя пазыцыяў Украіны і Эўразьвязу ў беларускім пытаньні”, — заявіў лідэр БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Па-другое, гэта сьведчаньне дастаткова ўпэўненага адмежаваньня ад каньюнктуршчыны, зьвязанай з расейска-беларускім саюзам, абавязкамі перад Пуціным, боязю перад Масквой, якая хоча мець свае сфэры ўплыву і хоча, каб сынхранізоўваліся зь ёю. Гэта таксама вынік папярэдніх кансультацыяў з эўрапейскімі і эўраатлянтычнымі партнэрамі Ўкраіны”.

Вінцук Вячорка мяркуе, што Ўкраіна атрымае важнае месца ў правядзеньні супольнай палітыкі адносна Беларусі з боку дэмакратыяў Эўропы. Спадар Вячорка лічыць такую пазыцыю спадара Юшчанкі таксама вынікам беларускага ўнёску ў рэвалюцыйныя падзеі ў Кіеве, таго, што на Майдане Незалежнасьці былі беларускія апазыцыйныя актывісты, бела-чырвона-белыя сьцягі, а на Храшчаціку стаялі беларускія намёты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG