Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка цудоўна зразумеў, што яго прысутнасьць на сапраўдным сьвяце свабоды, незалежнасьці і дэмакратыі была б недарэчы”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 25 студзеня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Ільля Копыл: ) “Добры дзень, паважаная Свабода! У нядзелю даслаў ліст на Свабоду, у якім напісаў, што трэба апазыцыі адмежавацца ад ПКБ Калякіна. А сёньня ў панядзелак чую, што Калякін абраны адзіным кандыдатам. Гэтым актам апазыцыя прысудзіла сабе сьмяротны прысуд. Майму абурэньню няма межаў! Лічу, што апазыцыі ў нас больш няма! Можа, яе і не было… Усе, хто падтрымаў Калякіна – здраднікі і агенты КДБ!”

(Ніна Ярмалінская: ) “Дарагая рэдакцыя Радыё Свабода! Сёньня для мяне самы чорны дзень у жыцьці. У вечаровых праграмах радыё я пачула інфармацыю, што апазыцыя, хутчэй за ўсё так званая “5+”, вылучыла адзінай кандыдатурай ад апазыцыі Сяргея Калякіна, лідэра камуністаў, на новыя прэзыдэнцкія выбары.

У сувязі з тым я хачу выказаць свой рашучы пратэст супраць злачынных дзеяньняў лідэраў палітычных партыяў, якія прымалі такое рашэньне. Ганьба здраднікам Беларусі! Жыве незалежная Беларусь! Жыве вечна!”

(Зіноўеў: ) “Добры дзень, Свабода! Я накапіў некалькі пытаньняў, будучы ў Расеі, таму хачу на працягу тыдня задаць іх вам. Калі быў суд над камандзірам рыскага ОМОНу Парфёнавым у Рызе, яго запыталі, чым кіраваўся ОМОН пры разгоне дэманстрацыі ў гарбачоўскія часы. Ён адказаў, што гэта рэгулюе статут баявой службы ўнутраных войскаў. Цікава было б даведацца, ці ёсьць такі статут, які рэгулюе дзеяньні менскага ОМОНу пры разгоне тут, на Беларусі, і ці ўсё было зроблена згодна з гэтым статутам. Мне здаецца, што не. І яшчэ хацелася б даведацца, ці гэта праўда, што калі скінулі ў сьнежні 1989 годзе Чаўшэску ў Румыніі, то там у кавярні налівалі бясплатна людзям. Я думаю, што тут калісьці тое самае будзе, але, шкада, адзін дзень”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Што такое Галакост, я зьведаў яшчэ ў юнацтве, калі гэта мне паведаміў бацька майго сябра дзяцінства. Потым мне вельмі добра аб гэтым стала вядома, як з кніг, так і са сьведчаньня ахвяры гэтага Галакосту, які цудам застаўся жывы.

Але зараз у Беларусі, пры калгасным фашызьме, я бачу яго адраджэньне, але ў адносінах як да беларускасьці і ўсяго ўвогуле беларускага, так і ў адносінах да свабоды, дэмакратыі і ўсяго людзкага. І пры тым ужо ня толькі ў духоўнай і маральнай сфэры жыцьця і розуму, але ўжо непасрэдна да носьбітаў яго – свабоды, дэмакратыі і ўсёй беларускасьці. І я маю такое ўражаньне, што найменна ў Беларусі пачынаецца Галакост усёй беларускай нацыі, яе сынамі і дачкамі, што яшчэ больш жудасна. Так што Лукашэнка мае ганарыцца: хутка ён пераплюне сваіх настаўнікаў Адольфа і Сталіна”.

(Уладзімер: ) “Прывітаньне! Наконт “Праскага акцэнту”: што такое беларушчына і за што мы змагаемся. Справа ў тым, што наконт беларушчыны перш наперш у саміх беларусаў існуе вельмі цьмянае ўяўленьне. Таму ў адных беларушчына гэта адно, а для іншых – гэта нешта іншае.

Напрыклад, наша сям’я сустракала Новы год аголенымі, а цела ўпрыгожвалі дожджыкам. Так, гэта не характэрна для беларусаў, але мы ўжо так прызвычаіліся. Таксама аголеныя бегалі вакол елкі. Гэта нашыя звычаі такія. Тыя сваякі ці іншыя беларусы, якія не падзяляюць такі лад, кажуць, што вы не такія беларусы, ці ўвогуле могуць сказаць, што мы не беларусы. Таму тут таксама ёсьць шмат пытаньняў.

Альбо, напрыклад, такая дата, як 27 лістапада, Дзень герояў. На гэты дзень у нас заўсёды заплянаваны курс загартоўваньня і вельмі цяжкія практыкаваньні, якія робім аголеныя. Але іншым здаецца, што мы вельмі жорстка адносімся да сваіх дзяцей. Трэба адзначыць, што дзеткі нашыя вельмі задаволеныя, ва ўсім бяруць прыклад з нас.

І яшчэ адно пытаньне. У чынавенства наогул сваё разуменьне беларушчыны, якое яны апошнім часам актыўна навязваюць усім. Таму спачатку трэба вызначыць, што гэта такое і як гэта можна данесьці да асноўнай масы людзей”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Сёньня з ранку слухаў Вашую трансьляцыю, дзе вы, спадар Хадыка, паведамілі аб тым, што пан Калякін будзе мажліва вылучаны ад апазыцыі “5+” у якасьці адзінага кандыдата. Затым пан Хадыка заявіў, што БНФ, сябрам якога і я зьяўляюся, мажліва падтрымае Калякіна. І мне, майму сумленьню стала жудасна. Камуніст у прэзыдэнтах – гэта тое самае, што, прабачце за жорсткасьць, калгаснага фашыста зьмяніць на фашыста зь людзкім тварам. Няўжо спадару Хадыку незразумела, што камуніст ці фашыст – гэта носьбіты ўсяго сатанінскага, што ў 20-м стагодзьдзі амаль зьнішчылі 1 мільярд насельніцтва зямлі? Няўжо ў нас сапраўды няма лепшых? Таму лічу, што спадару Хадыку, як яго не паважаю і як да яго не стаўлюся, ня месца ў БНФ. Бо адна справа сумесна зьнішчыць лукашэнкаўскі рэжым, і другая справа – замяніць аднаго фашыста на іншага, нават і зь людзкім тварам. Адценьняў колеру тут няма, мажлівасьці быць толькі чорныя ці белыя. Такі закон гісторыі і ўсяго чалавецтва”.

(Спадарыня: ) “Сёньня слухала Радыё Свабода і пачула, як выступаў Калякін. Ён хоча быць прэзыдэнтам нашай рэспублікі. Але калі чалавек хоча быць прэзыдэнтам, ён павінен размаўляць на нашай роднай беларускай мове. Калякін выступае на расейскай мове. Расейцы нас больш за 200 год як акупавалі. І яшчэ нам адзін акупант не патрэбен! І Калякін са сваёй расейскай мовай таксама нам непатрэбны! У нас ужо ёсьць адзін расейскамоўны прэзыдэнт. І наогул нам прэзыдэнт непатрэбны. Патрэбна, каб у нас была парлямэнцкая рэспубліка, каб не адзін чалавек кіраваў нашай дзяржавай, і каб была на самой справе Беларуская народная рэспубліка, а ня нейкая расейскамоўная, каб нашыя людзі чулі сваю родную мову, а не чужую, расейскую. Нідзе ў сьвеце няма такога, каб прэзыдэнты размаўлялі на чужой мове, а наш прэзыдэнт Лукашэнка размаўляе на чужой мове. Што б было, каб Пуцін загаварыў не на сваёй мове, а на беларускай? На заўтра яго б выкінулі зь ягонага месца. Нідзе ў сьвеце такога няма, каб кіраўнікі размаўлялі на чужой мове! Таму такім людзям як Калякін няма чаго лезьці ва ўладу!”

(Спадар: ) “Паважаны дырэктар Радыё Свабода! Яшчэ калі-некалі бывае ўключаю радыёстанцыю Свабода ў надзеі, што можа вернецца тая беларушчына на гэтую станцыю, якую зараджалі Запруднік, іншыя – цудоўныя людзі нашай Беларусі. На жаль, цяпер новы склад гэтай рэдакцыі, выхаваны ў сьценах “Савецкай праўды”, “Зьвязды” ды іншых, зусім ад гэтага адмаўляецца. І асабліва б’е па сэрцу ўвядзеньне двухмоўя. Вось і сёньня балюча разанула па сэрцы інтэрвію з былым лукашэнкаўскім рэктарам Казуліным. Адукаванасьць настолькі вялікая і духоўнасьць настолькі вялікая, што нават па-беларуску не гаворыць. Успамінаецца, паважаны дырэктар, цудоўная песьня Данчыка: “Бо чужына сэрца джаліць, цісьне як зьмяя”. І ў той жа час мне гавораць некалькі разоў, я нават не паверыў, што Багдан Андрусішын падтрымаў увядзеньне двухмоўя ў перадачы беларускай Радыё Свабода. Зусім, зусім сумна. Я думаю, ці змог бы Багдан Андрусішын на ўкраінскай радыёстанцыі Свабода зрабіць такі крок, падтрымаць там увядзеньне рускай мовы. Падумайце, паважаны дырэктар ды можа адкажыце, ці сапраўды вы за гэтае двухмоўе?”

(Мікола Саскевіч: ) “Галакост – гэта агульная назва тых мясьцін, дзе гітлераўскі фашызм рабіў свае лютыя злачынствы над мірнымі народамі ўсёй Эўропы. Я ведаю, што толькі 11 мільёнам мірных людзей габрэйскай нацыянальнасьці быў прысуджаны сьмяротны прыгавор, зь іх было забіта 6 мільёнаў мужчын, жанчын і дзяцей.

Літаральна побач з намі ёсьць месца, дзе фашысты расстралялі мірных габрэйскіх людзей. Расказваюць, што іх забівалі і кідалі ў выкапаны роў. А потым фашысты закапалі людзей, і раненых, і забітых – усіх разам. Гэтае месца ў нас акуратна абгароджана і стаіць помнік”.

(Уладзімер Зьвернік: ) “Паважаная Свабода! Зь вялікім захапленьнем я глядзеў у мінулую нядзелю па талерцы кіеўскі тэлеканал. Амаль дзьве гадзіны ня мог адарвацца ад цудоўнага відовішча. Без усялякай помпы, па-хатняму, нават па сямейнаму прайшла інаўгурацыя новага прэзыдэнта Ўкраіны.

Мімаволі згадвалася падобная імпрэза ў Крамлі. Там, на маю думку, адбылося каранаваньне імпэратара Ўсяе Русі, а ў Кіеве – заступленьне на пасаду народнага прэзыдэнта Ўкраіны. Як бачыце, розьніца вялікая. Пры гэтым у Кіеве адбылася належная ў дадзеным выпадку ўрачыстасьць. Гэтаму спрыяла ня толькі прысутнасьць на Майдане соцень тысяч простых людзей, але і высокіх асоб з болей чым 60-ці краінаў сьвету. Кажуць, што Пуцін і Лукашэнка праігнаравалі згаданую ўрачыстасьць. Ну, па-першае, і хай сабе, а, па-другое, на маю думку, гэты дэмарш адбыўся таму, што Пуціну было сорамна глядзець у вочы Віктару Юшчанку, як кажуць, пры народзе, за свае паводзіны пад час выбарчай кампаніі ва Ўкраіне. Што ж датычыцца Лукашэнкі, то ён цудоўна зразумеў, што прыстойныя кіраўнікі з прыстойных краінаў наўрад ці пададуць яму руку, а хваравіта перажываць гэта на відавоку ўсіх людзей ён не захацеў. Да таго ж ён цудоўна зразумеў, што яго прысутнасьць на сапраўдным сьвяце свабоды, незалежнасьці і дэмакратыі была б недарэчы. Добра, што хоць хапіла розуму наогул даслаць у Кіеў, так бы мовіць, дэлегацыю аж з адной асобы. А тое, што Канаплёў апынуўся на майдане побач з прадстаўніком Лібіі, яскрава сьведчыць аб тым, якое месца па волі правадыра адводзіцца нашай Беларусі ў цывілізаваным сьвеце. Але ўсё роўна сапраўдных беларусаў хапала на майдане. І бел-чырвона-белыя сьцягі луналі на экране і вельмі замілавалі маё сэрца.

А пакуль радасьць запаўняе душу за народ Украіны, якому хочацца пажадаць шчасьця і дабрабыту! А Віктару Юшчанку – сумленнай працы на карысьць свайго народу! Жыве свабодная Ўкраіна! Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG