Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія міліцыянты спрабавалі затрымаць пікетоўцаў з плякатам “Запрашаем у групу падтрымкі Зянона Пазьняка”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Уладзімер Плешчанка ды Аляксандар Салаўян меркавалі з дапамогаю гэтага плякату аб’яднаць сваіх аднадумцаў. Аднак на запрашэньне сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ адрэагавалі ня толькі іхныя прыхільнікі, але й палітычныя апанэнты, якія выклікалі да “Сіняга дому” нарад міліцыі.

Віцебскія сябры Kансэрватыўна-xрысьціянскай партыі БНФ выйшлі да “Сіняга дому” з новым плякатам. Як распавёў Аляксандар Салаўян, гэткім чынам віцябляне вырашылі паспрыяць вылучэньню Зянона Пазьняка ў кандыдаты на прэзыдэнцкую пасаду.

(Салаўян: ) “Паколькі Пазьняк афіцыйна абвясьціў, што гатовы узяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, мы ужо выйшлі з плякатам пра тое, што ствараецца ініцыятыўная група дзеля ягонага вылучэньня, і заклікалі усіх: Далучайцеся!”

Паводле назіраньняў спадароў Салаўяна ды Плешчанкі, віцябляне паставіліся да заявы патэнцыйнага кандыдата па-рознаму: адны казалі, што гатовыя падтрымаць Зянона Пазьняка, другія – што балятавацца на прэзыдэнта трэба было раней, яшчэ ў 2001-м годзе, я цяпер ужо безнадзейна позна. Трэція папракалі лідэра КХП БНФ за тое, што ён зьехаў за мяжу. А нехта проста выклікаў міліцыю.

Міліцыянты прыехалі да Сіняга дому ўжо тады, калі там заставаўся адзін Барыс Хамайда, які распаўсюджваў “Белорусскую деловую газэту”. Яго й забралі ў пастарунак, хаця ніякага плякату пры ім не было.

(Хамайда: ) “Плешчанка яшчэ зьдзіўляўся: “Я стаю з такім плякатам, а ніхто не едзе забіраць!” Я мяркую, што нехта усё ж патэлефанаваў у міліцыю, і яны прыехалі, пытаюцца: “У вас ёсьць дазвол, каб тут стаяць?” Я стаяў адзін, яны мяне й забралі. У пастарунку я запытаўся: “Пратакол будзеце складаць?”

Пратакол на Барыса Хамайду ў Кастрычніцкім райадзьдзеле усё ж складаць ня сталі. Аднак апазыцыянэры не выключаюць, што наступны іхны выхад да “Сіняга дому” зноў можа скончыцца затрыманьнем. Бо цягам трох мінулых месяцаў – ад 17-га кастрычніка і да зьяўленьня апошняга пляката пра падтрымку Зянона Пазьняка – міліцыя увогуле не зьвяртала на іх аніякае увагі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG