Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрыбут простага беларуса – семкі?


Алег Дашкевіч, Менск Ёсьць рэчы, што робяцца атрыбутамі той ці іншай эпохі, набываюць значэньне сымбалю. Так, за савецкім часам гэткім сымбалем была кілбаса, па якую выстройваліся велічэзныя чэргі. Семкі – таксама сымбалічны прадукт... Пра тое, якое месца займаюць яны ў жыцьці беларусаў, расказвае наш карэспандэнт.

Кожны памятае пах смажаных сланечнікавых семак на старых менскіх рынках. Гэты прадукт займаў сваё пачэснае месца на базарных прылаўках побач з сакральнымі беларускімі прадуктамі – бульбай, яйкамі, салам... Скульптар Алег Купрыянаў, чый твор “Бабка зь семкамі” ўпрыгожвае ўваход на Камароўскі рынак, лічыць гэта зусім натуральным, але перасьцерагае ад залішняй канкрэтыкі:

(Купрыянаў: ) “У мяне былі чатыры варыянты вобразаў Камароўкі. А абраў вобраз семачкі як семені, якое дае жыцьцё людзям. Семачкі – гэта тое, чым жывяцца птушкі. Птушкі – гэта мы, бабка – гэта краіна. Такі зьбіральны вобраз”.

Сёньня, дарэчы, знайсьці жывую бабку зь семкамі на Камароўцы немагчыма. Міліцэйскія патрулі вымусілі такіх гандлярак шукаць спакайнейшыя закуткі. Баба Іра разам з сваёй каляжанкай пэнсіянэркай Аленай Браніславаўнай гандлюе блізу аднаго з прыпынкаў электрычкі. Заняцца гэткім бізнэсам прымусіла жыцьцё.

(Баба Іра: ) “Каб хапала, мы б не сядзелі на семках, ня мерзьлі б. Мне семдзясят два гады. На семках, калі восемдзесят – сто рублёў заробім, то трэба вярнуць за семкі, бо мы іх купляем. Смажым самі, і перабіраем, і мыем, і солім. Бывае, ганяюць, і сёньня ганялі”.

Часта можна заўважыць міліцыянтаў, якія грызуць семкі. Купляюць іх у бабак, якіх пасьля загаду неўзабаве вымушаныя зганяць з наседжаных месцаў. Інтэлігентнага выгляду сяржант міліцыі, які апынуўся непадалёк, глядзіць на праблему па-вайсковаму:

(Сяржант міліцыі Юра: ) “Я, калі маю загад вызваліць пляцоўку ад бабулек, то яго выконваю, калі не, то мне гэта непрынцыпова, ці ёсьць яны, ці няма іх. Я спрабую не адыходзіць ад сваіх службовых абавязкаў. Я асабіста ня ем на службе семак, а за калег адказнасьці не нясу. Гэта іх клопат”.

Што да бабулек, то семкі – адзіны для іх спосаб крыху падзарабіць. Найбольш папулярныя гатункі “Пузанок” і “Масьлянку” купляюць лепш. Каляжанка бабы Іры Алена Браніславаўна сваім прыработкам памагае сыну студэнту.

(Алена Браніславаўна: ) “Сыну васямнаццаць гадоў, паесьці трэба, адзець трэба, каб ня горш, як другія быў”.

(Баба Іра: ) “Чакаем, як вол доўбні, пакуль хто прыйдзе купіць стаканчык. А хто прыйдзе й так возьме, хто й пабрэша, і спэкулянткамі абзавуць. А я адрабіла на будоўлі 32 гады, была ў МТС трактарысткай, а сёньня сяджу на семках, бо не зарабіла такой пэнсіі, каб аплаціць усё дарагое. Семкі ем, але ж хочацца і кілбаскі, і мяска, і сялёдачкі. Я не пайшла прасіць у дзяржавы, не выцягнула рукі, я сваёй цяжкай працай зарабляю сабе на яду”.

Купляюць семкі жанчыны па дзьве тысячы за кілю, прадаюць па трыста рублёў за шклянку. Раней былі семкі ўкраінскія, цяпер – з Расеі. Украінскі румын Іван, што возіць семкі ў Беларусь з Кубані і арандуе гараж у прыватным сэктары, сьцьвярджае: гадоў пяць – сем таму гэткі бізнэс прыносіў нашмат болей грошай.

(Іван: ) “Не ідзе цяпер, няма гандлю ніякага, грошы ўкладаеш, а назад няма. Гатоўка ў людзей ня тая. Раней вазілі з Украіны, было таньней, і тут людзі таньней куплялі. Здавалі ў Бабруйск, у Воршу, у Віцебск на маслазавод. Цяпер не бяруць, толькі бабкі па тры – пяць – дзесяць кіляў”.

Семкавы бізнэс узбуйняецца і цывілізуецца, цяпер палушчаныя семкі фасуюцца ў пакецікі і прадаюцца ў шапіках. Прадаўцы задаволеныя, як разыходзіцца тавар. Паводле іх, сякі-такі прыбытак можна мець нават на такой вось нібыта дробязі...

(Прадавец: ) “Бізнэс ня бізнэс, але, прынамсі, ідуць яны добра, і людзі іх просяць. Добрая папулярнасьць, таму што купляюць усе”.

На пакеціках, як мае быць, выходныя зьвесткі фірмы-вытворцы “Дэні-прадукт”. Папулярнасьць семак не ў апошнюю чаргу залежыць ад іх калярыйнасьці й пажыўнасьці. Да таго ж сьвежасмажаныя семкі маюць надта прыемны пах. Гаворыць навуковы супрацоўнік Інстытуту біяхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Аўген Аляшук:

(Аляшук: ) “Што да хімічнага складу, то, як звычайна ў алейных культур, тлушчу больш за пяцьдзясят працэнтаў, бялку каля ста дваццаці працэнтаў. Даволі багата вітаміну Е, гэта антыаксыдантнае рэчыва, якое кантралюе прадаўжэньне роду, працэсы плодаўтварэньня і разьвіцьця плода. Ёсьць трошкі вітаміну групы В, ён рэгулюе працэсы абмену рэчываў. Таксама ёсьць вітамін А, які стымулюе працэсы росту. Многім падабаецца пах: калі семкі падсмажваюцца, там атрымліваюцца рэчывы накшталт тых, што зьмяшчаюцца ў смажанай бульбе, чыпсах, рэчывы, што ўзмацняюць смак у сотні разоў”.

Але семкі – хутчэй сацыяльны фэномэн. Шукаць карані трэба не ў хімічным складзе, але глыбей – недзе ў душах людзей. Дзе ў дэфіцыце не бялок зь вітамінам С, а нешта зусім іншае – пэўны жыцьцёвы дыскамфорт. Сацыяльны псыхоляг Алена Пушкарова таксама лічыць, што папулярнасьць семак наўпрост зьвязаная з фазамі сацыяльнай актыўнасьці людзей. Калі грамадзтва перажывае ўздым, папулярнасьць семак падае, калі грамадзтва ў фазе няўпэўненасьці, запатрабаванасьць у гэтым прадукце падвышаецца.

(Алена Пушкарова: ) “Сам працэс лусканьня семак выконвае функцыю супакойваньня, ураўнаважваньня. Гэта можна параўнаць зь перабіраньнем пацерак. Калі чалавек ідзе і лускае семкі на вуліцы, гэта можа сьведчыць пра тое, што яму, груба кажучы, на ўсё напляваць. Гэта знак таго, што грамадзтва пераступіла ці зьбіраецца пераступіць празь нейкія нормы і абмежаваньні”.

Як бы там ні было, але на сёньня семкі ў Беларусі стала карыстаюцца попытам, што дало падставу некаторым залічыць іх да знакавага беларускага прадукту нароўні з бульбай ці сьвінкай. Але Ірына Наскавец, загадчыца вытворчасьці кафэ нацыянальнай кухні “Бульбяная”, лічыць гэткія меркаваньні занадта далекасяжнымі:

(Ірына Наскавец: ) “Семкі не, семак мы не выкарыстоўваем, хіба што алей. Семкі, відаць, больш уласьцівыя паўднёвым кухням, Украіне там ці расейскаму поўдню. Мы ж у сваёй працы карыстаемся стравамі беларускай нацыянальнай кухні. Прадукты, зь якіх гатуюцца стравы, усім вядомыя – бульба, гародніна, садавіна, зь мяса – сьвініна, ялавічына”.

Ускосна гэткую думку пацьвердзілі й мінакі на менскіх вуліцах. І ўсе яны дружна пагадзіліся: семкі – прадукт хатняга спажываньня.

(Ды-джэй Макс: ) “Семкі! На мой погляд, гэта вельмі нясмачна. Гэта для быч’я, для быкоў, ну, для плебэяў. Вельмі жахліва выглядае, як чалавек жарэ гэтыя семкі. Гэта антыэстэтыка. Чыстая”.

(Трэнэрка Юля: ) “Семкі – вельмі смачная ежа, але культура іх спажываньня мяне вельмі не задавальняе, калі людзі ідуць па праспэкце Скарыны і лускаюць семкі, плююць іх, шалупіньне трапляе на вопратку – вельмі жахліва гэта выглядае. Калі ты сядзіш дома, гэта ўжо клопат кожнага”.

(Уладальнік залацістага джыпа Андрэй: ) “Гандаль семкамі на вуліцах не адпавядае, вядома, рангу Менску як сталіцы, аднак гандаль у дазволеных месцах цалкам прымальны. Будучы ў Гішпаніі, я зьвярнуў увагу на хлопца, які заўзята лускаў семкі каля крамы. Калі выскачыў гаспадар крамы, то хлопец адышоў на два крокі да іншае крамы і працягваў сваё. Так што ня варта думаць, што толькі ў нас плююць сабе пад ногі”.

(Спадарыня: ) “Вельмі добра стаўлюся я да семак. Калі пачынаеш, адарвацца немагчыма. Але, вядома, калі ідуць і сьмецьце кідаюць на тратуары, гэта кепска. Дома ў спакоі бярэш мяшэчак семак і прыўкрасна праводзіш час”.

(Студэнт Алесь: ) “Люблю перад тэлевізарам сядзець і лускаць, калі ўдома сядзіш і адпачываеш. Прыемнае дапаўненьне да прагляду тэлепраграм ці кіно”.

Такім чынам, семкі для беларусаў – нешта прыемнае, але ўсё ж не сваё, бо надта экспрэсіўная рэакцыя нашых людзей на гэты прадукт. Бульбы, напрыклад, яны не заўважаюць, яна для палешукоў ці панямонцаў, як вада ці паветра, а семкі – прадукт...
XS
SM
MD
LG