Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падабаецца тэлегледачам БТ?


Любоў Лунёва, Менск Былыя супрацоўнікі Беларускага тэлебачаньня Эдуард Мельнікаў і Юры Тапарашаў прэзэнтавалі сваю кнігу “Перадумовы стварэньня грамадзкага тэлебачаньня”. Аўтары разьлічваюць, што кніга выкліча цікавасьць палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў да патрэбы стварэньня ў Беларусі незалежнага ад дзяржавы грамадзкага тэлебачаньня.

У кнізе Эдуарда Мельнікава і Юрыя Тапарашава ўпершыню комлексна аналізуецца стан беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных электронных СМІ.

Больш увагі аўтары надалі агульнанацыянальным дзяржаўным тэлеканалам, якія, на думку аўтараў, сталі сфэрай уплыву ня толькі ўладаў, але і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, згодна зь ягоным указам аб іх падпарадкаваньні прэзыдэнту. Першы нацыянальны канал, ОНТ і CТВ зьяўляюцца дзяржаўнай уласнасьцю і падпарадкоўваюцца дыктату зьверху. Аналізуючы гэтую сытуацыю, аўтары абапіраюцца на сацыялягічныя матэрыялы.

Лябараторыя “Новак” апытала тэлегледачоў пра іх стаўленьне да беларускага тэлевяшчаньня. Галоўная выснова — большасьць тэлегледачоў адмоўна ацэньвае якасьць нацыянальнага тэлебачаньня. Шмат рэспандэнтаў мяркуюць, што і расейскія каналы ім сталі нагадваць беларускія, і ўсё больш людзей аддае перавагу каналу “Euronews”.

Аўтары кнігі самі працавалі на тэлебачаньні. Эдуард Мельнікаў у 1994 годзе быў намесьнікам старшыні БТ, а пасьля прэзыдэнцкіх выбараў — галоўным рэдактарам грамадзка-палітычных праграмаў. Пасьля травеньскага рэфэрэндуму ён звольніўся з тэлебачаньня. Гаворыць спадар Мельнікаў:

(Мельнікаў: ) “Напэўна, асноўны намер аўтараў, мой і майго калегі Юрыя Тапарашава, у тым, каб узбудзіць грамадзкую думку, каб грамадзтва ўздымала пытаньні: “Што рабіць з тэлебачаньнем, якое, па-першае, працуе, напэўна, ня так, як трэба, а па-другое, яно супраць нашых інфармацыйных інтарэсаў і густаў?” Што будзе далей? Канечне, гэта залежыць ад таго, як адгукнуцца на кнігу палітычныя лідэры, грамадзкія дзеячы, журналісты, публіцысты”.

Эдуард Мельнікаў мяркуе, што тэлебачаньне — моцны сродак уплыву на фармаваньне грамадзкай думкі, і яно павінна належаць грамадзтву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG