Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Красоўская пра візыт урадоўцаў з Аўстрыі: “Калі аўстрыйцы мараць стварыць эскадрон сьмерці, Навумаў можа дапамагчы”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Кіраўніца грамадзкай арганізацыі “Мы памятаем” Ірына Красоўская скрытыкавала пазыцыю Міністэрства ўнутраных справаў Аўстрыі, чыя афіцыйная дэлегацыя сустрэлася зь беларускім міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым. “Ён можа навучыць толькі таму, як ствараць эскадроны сьмерці”, — лічыць жонка зьніклага апазыцыянэра Ірына Красоўскага.

У Беларусі зь візытам знаходзіцца дэлегацыя Міністэрства ўнутраных справаў Аўстрыі. Дэлегацыю ўзначальвае генэральны дырэктар у справе грамадзкай бясьпекі міністэрства Эрых Буксбаўм. 25 студзеня госьці з Аўстрыі правялі перамовы з кіраўніцтвам беларускага Міністэрства ўнутраных справаў, у тым ліку сустрэліся зь міністрам Уладзімерам Навумавым. Паводле афіцыйных зьвестак, былі абмеркаваныя пэрспэктывы супрацоўніцтва праваахоўных органаў дзьвюх краінаў.

У Беларусі да факту сустрэчы афіцыйных асобаў Аўстрыі з галоўным беларускім міліцыянтам стаўленьне рознае. Рэч у тым, што кіраўніцтва Эўразьвязу ўвяло забарону на выдачу візаў Уладзімеру Навумаву і шэрагу іншых высокапастаўленых чыноўнікаў: Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову і Зьмітру Паўлічэнку. Гэтых асобаў у Эўропе падазраюць у датычнасьці да зьнікненьняў беларускіх апазыцыянэраў. Жонка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірына выказала зьдзіўленьне ў сувязі з тым, што афіцыйная дэлегацыя паліцыі Аўстрыі сустрэлася з Уладзімерам Навумавым.

(Красоўская: ) “Калі беларускі міністар Навумаў ня можа забясьпечыць бясьпекі грамадзянаў Беларусі, то як ён можа паўплываць на бясьпеку аўстрыйскага боку, чым ён можа дапамагчы аўстрыйцам? Калі аўстрыйцы мараць стварыць эскадрон сьмерці, у гэтым Навумаў можа дапамагчы, у яго ёсьць шанец”.

Лідэрка грамадзкай арганізацыі “Мы памятаем” Ірына Красоўская лічыць шкоднымі афіцыйныя кантакты прадстаўнікоў краінаў Эўразьвязу з асобамі, якіх падазраюць у датычнасьці да злачынстваў у Беларусі.

У Эўропе не ўпершыню ўзьнікаюць супярэчлівыя сытуацыі ў сувязі з кантактамі зь беларускімі міліцыянтамі. Летась пасьля рэфэрэндуму, які дазволіў Аляксандру Лукашэнку трэці раз вылучацца на пасаду прэзыдэнта, узьнік скандал у Польшчы. Туды зь візытам мусіла прыехаць дэлегацыя курсантаў беларускай Акадэміі міліцыі, але кіраўніцтва польскай паліцыі адмовілася прымаць калегаў, якіх яно падазрае ва ўжываньні сілы супраць беларускай апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG