Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка не аддасьць КДБ пад кантроль грамадзтва


Юры Сьвірко, Менск Падчас нарады з новым кіраўніцтвам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рэаліі вельмі хутка мяняюцца й таму патрабуюць “большай ініцыятывы і энэргічнасьці, новых, больш эфэктыўных падыходаў”. Ён таксама пацьвердзіў, што незадаволены працай цэнтральнага апарату КДБ.

Спадар Лукашэнка сказаў пра асаблівую ролю КДБ, якая мусіць мець адэкватныя і канкрэтныя вынікі апэратыўнай дзейнасьці па ўсіх кірунках, у тым ліку “забесьпячэньня эканамічнай бясьпекі ў шырокім сэнсе гэтага слова”. Кіраўнік дзяржавы заклікаў супрацоўнікаў КДБ “працаваць там, дзе ня могуць спрацаваць ані міліцыя, ані пракуратура, ані іншыя ведамствы ды органы, якія кантралююць”. Аляксандар Лукашэнка сказаў таксама, што сам будзе кантраляваць дзейнасьць усіх сілавых ведамстваў:

(Лукашэнка: ) “Я не аддаў Камітэт дзяржбясьпекі пад кантроль нейкай грамадзянскай супольнасьці, як у нас сёньня прынята прыгожа казаць у нашых суседзяў і гэтак далей. Кантроль грамадзянскай супольнасьці — гэта развал сілавых структураў. Я здольны як кіраўнік дзяржавы па законах і Канстытуцыі сам кантраляваць сілавыя ведамствы, у тмы ліку і КДБ. Так будзе заўжды”.

Паводле спадара Лукашэнкі, за дзейнасьцю КДБ ды іншых сілавых ведамстваў ажыцьцяўляецца такі жорсткі кантроль, якога раней у гісторыі Беларусі не было. Ён нагадаў пра маштабную праверку ў КДБ год таму, якая выявіла шмат недахопаў.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што даў год на выпраўленьне хібаў, не прымаючы ніякіх кадравых рашэньняў, і дадаў: “Як вы здолелі разьвязаць гэтыя задачы, відаць па апошнім кадравым пераабсталяваньні Камітэту дзяржбясьпекі. Будзем шчырымі: у КДБ няма надзвычайшчыны, але й проста так перасоўваньне кіраўніцкім кадраў у такім аб’ёме не адбываецца”. Спадар Лукашэнка зазначыў: “Гэта кажа найперш пра тое, што я незадаволены дзейнасьцю цэнтральнага апарату КДБ”.

Варта нагадаць, што Аляксандар Лукашэнка ўжо выказваў такую незадаволенасьць у лістападзе 2000 году, калі прызначаў старшынём КДБ Леаніда Ерына, якога цяпер звольніў. Тады ён звольніў з гэтай пасады Ўладзімера Мацкевіча, і Лукашэнкава прэсавая служба тлумачыла гэта тым, што прэзыдэнт “вельмі жорстка й патрабавальна” ставіцца да разгляду злачынстваў, у тым ліку выкраданьняў людзей, якія атрымалі шырокі грамадзкі рэзананс і знаходзяцца на кантролі ў кіраўніка дзяржавы.

Сёньня пра справы зьніклых Аляксандар Лукашэнка не сказаў нічога. Беларуская апазыцыя абвінавачвае ўлады ў тым, што за апошнія чатыры гады для расьсьледаваньня зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага нічога зроблена не было. Да гэтай жа высновы прыйшла Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, ухваліўшы летась адпаведны даклад Хрыстаса Пургурыдэса, які ўжо заўтра паставіць на сэсіі ПАРЭ ў Страсбуры пытаньне пра новыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску і мажлівыя захады дзеля сапраўднага расьсьледаваньня справаў зьніклых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG