Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вядуцца распрацоўкі ў справе будаўніцтва АЭС


Галіна Абакунчык, Менск “Рашэньне пра будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі не прынята, але напрацоўкі ў гэтым кірунку праводзяцца”, — заявіў першы намесьнік старшыні Прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Пётар Віцязь. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч заяўляе, што ўлады вырашылі распачаць будаўніцтва беларускай АЭС ужо сёлета.

Пытаньне энэргетычнай бясьпекі краіны было адной з тэмаў абмеркаваньня апошняга паседжаньня Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Паводле афіцыйнай інфармацыі, Аляксандар Лукашэнка на ім заявіў, што ня варта брацца за будаўніцтва АЭС з-за яго дарагоўлі, але да гэтага пытаньня давядзецца вярнуцца рана ці позна. Як заявіў віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Пётар Віцязь, напрацоўкі ў гэтым кірунку вядуцца ўжо сёньня.

(Віцязь: ) “Калі краіне трэба думаць пра энэргетычную бясьпеку, то навукоўцы ня бачаць альтэрнатывы атамнай энэргетыцы. Таму вядзецца пошук пляцоўкі для такога будаўніцтва, распрацоўваецца магчымасьць будаўніцтва блёку супольна з расейцамі на дзейных станцыях. Гэта пытаньне ня толькі эканамічнае, але стратэгічнае і палітычнае. Таму канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае, але праца вядзецца”, — паведаміў Пётар Віцязь.

Экс-дэпутат парлямэнту Ўладзімер Парфяновіч зазначае, што паводле ягонай інфармацыі, на вышэйшым узроўні прынятае рашэньне пра пачатак будаўніцтва беларускай АЭС на Магілёўшчыне ўжо сёлета.

(Парфяновіч: ) “Закрытае рашэньне было прынята яшчэ да таго паседжаньня Савету бясьпекі, але пра гэта нікому не паведамлялася. Я заклікаю адмовіцца ад будаўніцтва АЭС, бо не хачу, каб галовы маіх дзяцей пасыпалі ядзерным попелам. Аднойчы гэта ўжо зрабілі камуністы, а цяпер можа зрабіць іншы чалавек і іншы ўрад”.

Спадар Парфяновіч хоча стварыць грамадзкі камітэт, які распачне барацьбу супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС.

У 1998 годзе ўрад Беларусі стварыў адмысловую камісію, якая вывучала магчымасьці будаўніцтва ў краіне атамнай электрастанцыі. З гледзішча эканамічных і экалягічных наступстваў гэтая камісія прыняла рашэньне ўвесьці у Беларусі мараторый на будаўніцтва АЭС цягам дзесяць гадоў. Тэрмін мараторыю завяршаецца ў 2008 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG