Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве таксама адключылі “Euronews”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Учора ўвечары ў Магілёве з кабэльных і эфірных недзяржаўных тэлевізійных сетак зьнік тэлеканал “Euronews”. Яго замянілі “Сталічным тэлебачаньнем”. Чаму так здарылася і як паставіліся да гэтага магілёўцы?

У пакеце з дванаццаці каналаў, які прапануе магілёўцам эфірна-кабэльнае тэлебачаньне таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Дыён-тэлесэрвіс”, “Euronews” быў адзіным заходнім тэлеканалам, які перадаваў актуальную інфармацыю з розных сфэраў жыцьця, у тым ліку і палітычную, без ідэалягічных камэнтароў.

Дырэктар “Дыёну” Аляксандар Астапаў спаслаўся на праверку, падчас якой ад фірмы запатарабавалі выконваць дакумэнты ўраду і Міністэрства інфармацыі наконт сьпісу абавязковых для трансьляцыі тэлеканалаў. У ім няма “Euronews”, затое ёсьць СТВ.

Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі БАЖ Генадзь Суднік лічыць замену каналаў палітычнай справай:

(Суднік: ) “Мы пачынаем апынацца за такой жалезнай заслонай — гэта выраз зь мінулага, але на жаль, у Беларусі сапраўды так і адбываецца”.

Генадзь Суднік мяркуе, што прычынай адключэньня “Euronews” сталі трансьляцыі дзьвюх інаўгурацыяў — Джорджа Буша і Віктара Юшчанкі. А таксама падрабязны сюжэт пра прызначэньне дзяржсакратаром ЗША Кандалізы Райс, там жа ішла гаворка пра таталітарныя рэжымы, у ліку якіх апынулася Беларусь.

Між тым, у кіраўніцтве “Дыён-тэлесэрвіс” гавораць, што тэлеканал “Euronews” не зьяўляецца забароненым — і таму спадзяюцца праз пэўны час аднавіць яго. Аднак ня ўсе падзяляюць аптымізм тэлесэрвісу, сярод іх і Генадзь Суднік.

(Суднік: ) “Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што гэта ідэалёгія, а значыць, ня будзе так лёгка вернута назад, даравана. Толькі не раней, чым зьменіцца рэжым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG