Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Юшчанка пачынае рэформу сыстэмы ўлады?


Валер Каліноўскі, Менск Новы прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, зрабіўшы сёньня свае першыя прызначэньні, пайшоў таксама на першыя крокі ў рэформе сыстэмы ўлады — ім скасаваная адміністрацыя прэзыдэнта, якая была сымбалем былой аўтарытарнай улады Леаніда Кучмы. Сымбалічным сталася і ягонае прызначэньне выканаўцам абавязкаў прэм’ера Юліі Цімашэнкі, якая нэгатыўна ўспрымаецца ў Крамлі, — мяркуе кіеўскі палітоляг Ігар Зданаў з дасьледчага цэнтру імя Разумкова.

На думку кіеўскага палітоляга Ігара Зданава, адміністрацыйная рэформа Віктара Юшчанкі пакуль што толькі дэкляраваная, і трэба будзе паглядзець, якую мадэль улады прапануе сам прэзыдэнт, які палітычны рэжым ён створыць, якімі мэтадамі будзе ажыцьцяўляць дзяржаўную ўладу, — кажа спадар Зданаў. Аднак кірунак рэформы зразумелы:

(Зданаў: ) “Гэта дастаткова сымбалічна, што адміністрацыя прэзыдэнта перайменаваня ў сакратарыят. Юшчанка гэтым прадэкляраваў, што ён ня хоча, каб адміністрацыя была такой, як у час прэзыдэнта Кучмы, калі яна сапраўды быда тым цэнтрам улады, які вырашаў практычна ўсё, кіраваў урадам, абласнымі дзяржаўнымі адміністрацыямі”.

Сёньняшняе прызначэньне выканаўцай абавязкаў прэм’ера Юліі Цімашэнкі Ігар Зданаў таксама назваў сымбалічным у сувязі зь сёньняшнім візытам Юшчанкі ў Маскву да Ўладзімера Пуціна. Калі Юшчанка паехаў бы ў Маскву, не назваўшы прэм’ера, то яго маглі б абвінаваціць, што ён у Крамлі раіўся, каго прызначыць прэм’ерам. Варта нагадаць, што ў Расеі супраць Юліі Цімашэнкі заведзеная крымінальная спарва:

(Зданаў: ) “Гэта пэўны выклік Маскве і сьцьвярджэньне сваёй пазыцыі ва Ўкраіне, што менавіта Юшчанка вырашае, каму быць прэм’ерам, а каму не, — звычайна, з дапамогай парлямэнту”.

Палітоляг Ігар Зданаў лічыць, што ня будзе нейкай асабліва крытычнай рэакцыі на прызначэньне Цімашэнкі сярод кіраўніцтва СПУ, Партыі рэгіёнаў і іншых палітычных сілаў, адпаведна ня будзе і праблемы зь яе зацьвярджэньнем на пасаду прэм’ера ў парлямэнце, паколькі грамадзкі давер да Юшчанкі надзвычай вялікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG