Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка праігнараваў інаўгурацыю Юшчанкі


Валер Каліноўскі, Кіеў У суботу на ўрачыстасьці з нагоды інаўгурацыі трэцяга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі ў Кіеў пачалі прыбываць замежныя дэлегацыі. Усяго чакаецца прыезд каля 60 дэлегацыяў. Адным з апошніх быў пацьверджаны прыезд беларускай дэлегацыі, якая складаецца з аднаго чалавека – старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Канаплёва. А.Лукашэнка інаўгурацыю Юшчанкі праігнараваў.

Паводле інфармацыі МЗС Украіны, пацьвердзілі свой удзел у інаўгурацыі Юшчанкі прэзыдэнты сямі краінаў: Польшчы, Латвіі, Румыніі, Вугоршчыны, Славаччыны, Малдовы, Эстоніі, а таксама шэраг кіраўнікоў замежных урадаў, парлямэнтаў, віцэ-прэм’ераў, міністраў. Акрамя таго, прыбываюць генэральныя сакратары НАТО і Рады Эўропы, намесьнік генэральнага сакратара ААН і іншыя дзеячы. Будуць таксама былыя прэзыдэнты Польшчы і Чэхіі Лех Валэнса і Вацлаў Гавэл.

Афіцыйную Беларусь на інаўгурацыі Юшчанкі будзе аднаасобна прадстаўляць сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў – ён павінен адбыць у Кіеў ў суботу ўвечары, пра нейкую праграму ягонага знаходжаньня, апрача ўдзелу ў агульных урачыстасьцях, нічога невядома, паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік МЗС Руслан Есін.

Склад беларускай афіцыйнай дэлегацыі быў вызначаны літаральна ў апошні момант. На думку Станіслава Шушкевіча, гэта сьведчыць, што А.Лукашэнка ўсё ж не выключаў сваёй уласнай паездкі ў Кіеў – з прапагандысцкіх меркаваньняў і каб паказаць, што і ён блізкі да Юшчанкі:

(Шушкевіч:) “Ведаеце, цяпер жа Лукашэнка скажа, што Юшчанка мой лепшы сябар, але там Лукашэнка не можа быць прыняты так, каб выглядаў як лепшы сябар”.

Экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір мяркуе, што для Беларусі было б лепей, каб краіну на інаўгурацыі Юшчанкі прадстаўляў прэзыдэнт:

(Чыгір: ) “Ну вядома ж было б лепей, каб паляцеў Лукашэнка, але ж ён складаны чалавек… Мы павінны паважаць суседзяў і абранага народам Украіны прэзыдэнта, чаму ж не прыняць удзел?”

Тым часам, прадстаўнікі беларускай апазыцыі – у прыватнасьці, лідэры БНФ, АГП, іншых партыяў і арганізацыяў – таксама запрошаныя на інаўгурацыю Віктара Юшчанкі і ўжо адбылі ў Кіеў.

Інаўгурацыя Юшчанкі пачнецца ў нядзелю а 12 гадзіне ў Вярхоўнай Радзе і на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве. Там усталяваная адмысловая сцэна. Сёньня на Храшчаціку быў канчаткова дэмантаваны намётавы гарадок, з усталяваньня якога пачалася аранжавая рэвалюцыя. Як чакаецца, заўтра на Майдане зьявяцца і бела-чырвона-белыя сьцягі. Больш дзесятка актывістаў беларускай апазыцыі паехалі на ўрачыстасьці ў Кіеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG