Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правядзеньне кангрэсу Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў – пад пагрозай


Галіна Жарко, Менск Грамадзкая арганізацыя Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, створаная з мэтай пашырэньня беларускай культуры ў сьвеце, апынулася ў крытычным становішчы. Кангрэс чальцоў арганізацыі, які згодна са статутам трэба было правесьці яшчэ ў верасьні мінулага году, быў адкладзены ў сувязі з набліжэньнем прэзыдэнцкага рэфэрэндуму. Улады ясна далі зразумець, што не дазволяць сабраць у краіне замежных сяброў асацыяцыі. Сёлета складанасьці могуць узьнікнуць з фактычнай ліквідацыяй скарынаўскага цэнтру, які быў нязьменнаю пляцоўкаю асацыяцыі ў Беларусі.

Што ўяўляе сабою Міжнародная асацыяцыя беларусістаў праз 14 гадоў зь дня стварэньня? На жаль, колькасьць сяброў асацыяцыі зьменшылася. Зараз якраз ўдакладняецца канкрэтная лічба. Зрабіць гэта ня так і лёгка. Нехта з навукоўцаў памёр, нехта зьмяніў адрас, хтосьці ўвогуле перастаў цікавіцца...

Цікавасьць да грамадзкай дзейнасьці зьніжаецца ва ўсім сьвеце. Але зьніжэньнем цікавасьці да беларускай культуры краіна абавязана сваім непрэстыжным іміджам. Гаворыць нязьменны старшыня асацыяцыі Адам Мальдзіс:

(Мальдзіс: ) “Дрэнна, што мы згубілі некалькі суполак. У Францыі фактычна яе няма. Спачатку вельмі актыўна дзейнічала суполка ва Ўсходняй Нямеччыне. Шмат рабілася, перакладалася. А потым, калі адбылося аб’яднаньне, да нас далучылася многа беларусістаў з Заходняе Нямеччыны, а ўсходненямецкія беларусісты адчулі “комплекс непаўнавартасьці”, і там зараз існуюць індывідуальныя сябры. Гэта статутам таксама прадугледжана, але мне шчыміць сэрца, што няма супольнай нямецкай асацыяцыі беларусістаў”.

Страчаныя сувязі зь беларусазнаўцамі ў Індыі, Кітаі. Да стратаў можна дадаць і тое, што “Кантакты й дыялёгі” – друкаваны орган асацыяцыі, які выдаваўся асобна – цяпер можна чытаць толькі на старонках газэты “Голас Радзімы”, бо няма грошай.

Памяншаецца колькасьць беларусістаў і ў самой Беларусі. Напрыклад, зусім спыніліся кантакты з магілёўскаю суполкаю. Тым ня менш, спадзявацца можна на прыкладна 550 актыўных чальцоў з 14 краінаў. У некаторых краінах – Швайцарыя, Баўгарыя – жыве па 1-2 сябры.

Наколькі значны ўнёсак замежных навукоўцаў у разьвіцьцё беларусазнаўства? Погляд ня толькі на цяперашняе палітычнае становішча Беларусі, але й на яе культуру з замежжа бывае зусім адрозным. Адам Мальдзіс кажа, што яго ўражвае глябальны падыход, які ўласьцівы замежным калегам, у той час як беларускія дасьледчыкі часам па-ранейшаму зьбіваюцца на парафіяльнасьць.

Зрэшты, апроч сур’ёзных навуковых распрацовак у галіне культуры, уражваюць і такія факты, як падручнік беларускай мовы для ўкраінцаў, выдадзены Рыгорам Піўтаракам. Або “Японска-беларускі і беларуска-японскі” слоўнік выдадзены беларусістам з Токіо Таката Касічы. Клопатамі асацыяцыі, найперш, вядома, самога Адама Мальдзіса, выдадзена ўжо 27 зборнікаў “Беларусіка”. Падрыхтаваны й чарговы том: гэта будзе “Беларусь-Гішпанія”, хоць у Гішпаніі беларусістаў, на жаль, няма. Але Адам Мальдзіс бачыць прычыны для аптымізму:

(Мальдзіс: ) “Радуюць польскія беларусісты. Яны выдаюць чацьвёрты польска-беларускі зборнік “Шлях да ўзаемнасьці”. Вугорскія беларусісты радуюць. Далёкая Вугоршчына, а там звыш 30 сяброў, і яны робяць вялікую справу. Правялі 4 канфэрэнцыі па беларуска-вугорскіх узаемаадносінах. Уласна кажучы, некаторыя суполкі выконваюць функцыі своеасаблівага інстытуту ў сваіх краінах”.

Суполкі беларусістаў бяруць на сябе функцыі, якія выконвае, напрыклад, Польскі інстытут або Інстытут Гётэ ў Беларусі.

Асабістыя сустрэчы навукоўцаў-беларусістаў неабходныя дзеля абмену меркаваньнямі, дзеля ўзаемнай падтрымкі, у рэшце рэшт... Ці вядзецца падрыхтоўка да чарговага кангрэсу? Адам Мальдзіс кажа, што кангрэс плянуецца правесьці. Гэтага патрабуе й статут арганізацыі, паводле якога, дарэчы, павінны быць абраны й іншы старшыня арганізацыі. Спадар Мальдзіс ужо ня можа ўзначальваць па сутнасьці створаную ім арганізацыю, бо адбыў на пасту нават адзін тэрмін звыш магчымага.

А тэмаю кангрэсу будзе прысутнасьць Беларусі ў Эўропе. Беларусь паміж усходнім і заходнім сьветам, усходне-славянскім, праваслаўна-візантыйскім і эўрапейскім макрарэгіёнамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG