Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі рэфармуюць сыстэму ільготаў – а ў Беларусі?


Юлія Шарова, Менск 21 студзеня Дзярждума Расеі будзе разглядаць пытаньне пра ільготы. Прыняцьце закону пра ільготныя выплаты, згодна зь якім шмат якія ільготы замянілі на грашовыя выплаты, прывяло да сацыяльных хваляваньняў. Так, расейскія пэнсіянэры пратэстуюць супраць скасаваньня для іх бясплатнага праезду ў грамадзкім транспарце. Між тым, беларускі ўрад таксама хоча заняцца ўпарадкаваньнем сыстэмы ільготаў. Наколькі вядома, падрыхтаваны нават праект адпаведнага закону, які павінен разглядацца сёлета ў Палаце прадстаўнікоў.

Што гэты закон прадугледжвае і чым адрозьніваецца ад расейскага? Ні беларускія заканадаўцы, ні прадстаўнікі ўраду пакуль ня хочуць дэтальна абмалёўваць сутнасьці праекта закону “Пра дзяржаўныя сацыяльныя ільготы і гарантыі для асобных катэгорыяў грамадзянаў”. Прадстаўніца Міністэрства працы й сацыяльнай абароны Вера Смарчкова запэўнівае, што па расейскім сцэнары ўпарадкаваньне ільготаў адбывацца ня будзе.

(Смарчкова: ) “Ён зусім адрозьніваецца. У нас зусім розныя падыходы. Наш законапраект не прадугледжвае кампэнсацыю замест ільготаў”.

Разам з тым ня так даўно міністар працы Антаніна Морава заяўляла, што Беларусь мусіць сыходзіць ад ільготаў і рабіць больш эфэктыўныя захады сацыяльнай абароны – напрыклад, падвышаць прыбыткі насельніцтва.

У Беларусі сёньня 6 мільёнаў 670 тысяч ільготнікаў, найбольшая колькасьць зь якіх – пэнсіянэры. Я пагутарыла зь людзьмі сталага веку ля Сьвятадухавай катэдры ў Менску: ці можна ў Беларусі правесьці тую ж рэформу, што і ў Расеі?

(Пэнсіянэр: ) “Калі гэта правільна зроблена, то можа й добра, але так як у нас робіцца, то лепей няхай усё так і застаецца”.

(Пэнсіянэрка: ) “Гэта жахліва. Бо кампэнсацыя – гэта будуць капейкі. Лекі даражэюць: кожнае паступленьне – новы кошт”.

(Бабулька: ) “У Расеі дэмафашысты правяць, ворагі народа на чале з Пуціным. Я за Лукашэнку галасавала й буду галасаваць, але няхай Лукашэнка зьверне ўвагу на шалёныя кошты на лекі. Усю пэнсію да капейкі трэба аддаць на лекі”.

(Іншая бабулька: ) “А бог яго ведае! Я мала ежджу, пуцёўкі ніводнага разу не было, а лекі… Так маюся”.

(Пэнсіянэрка: ) “Нашае жыцьцё крыху адрозьніваецца ад жыцьця ў Расеі. Таму мне цяжка казаць, што лепей”.

Ці лічаць адмыслоўцы магчымым у цяперашніх умовах сапраўды ажыцьцявіць рэформу сыстэмы ільготаў? Старшыня аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць, што беларускі ўрад ня пойдзе на нейкую шокавую тэрапію і ня стане адмяняць ільготы, пакуль ёсьць частка грамадзтва, здольная плаціць падаткі й гэтых ільготнікаў утрымліваць.

(Заіка: ) “Народ запушчаны. І расейскі народ запушчаны, і беларускі. Бо ў кожным воку па чатыры сацыялістычных герба. Трэба было рабіць гэткую тонкую прафіляктыку ад пачатку 1990-ых гадоў: дастаткова граматна тлумачыць, што ільготаў наагул не павінна быць. Расея папросту паказала, што дзесяць год рабілі рэформу, а самае галоўнае – вось гэтае сацыялістычнае нутро – засталося”.

На думку экспэрта, у ідэале ўрад якраз павінен субсыдаваць не прадпрыемствы, якія за палову кошту возяць ільготнікаў ці прадаюць ім лекі, а саміх спажыўцоў. Пэўнай катэгорыі грамадзянаў трэба выдаваць грошы на такія патрэбы, а як яны імі распарадзяцца – справа іхнага сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG