Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе прадстаўляць афіцыйны Менск на інаўгурацыі Юшчанкі?


Алесь Дашчынскі, Менск На 23 студзеня заплянавана інаўгурацыя новага прэзыдэнта Украіны Віктара Юшчанкі. Украінскае зьнешнепалітычнае ведамства разаслала запрашэньні на адрас кіраўнікоў замежных краін, урадаў, парлямэнтаў, а таксама кіраўнікоў шэрагу міжнародных арганізацый. Ва ўрачыстасьцях з нагоды інаўгурацыі ў якасьці асабістых гасьцей Віктара Юшчанкі возьмуць удзел таксама вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы замежных краінаў. Хто зь Беларусі будзе прымаць удзел ва інаўгурацыі новага ўкраінскага прэзыдэнта?

Міністэрства замежных справаў Беларусі абяцае толькі сёньня агучыць склад дэлегацыі. Такая затрымка з вызначэньнем афіцыйных асобаў, якія накіруюцца ў Кіеў зьвязаная з тым, што ў запрашэньні, накіраваным на ўрадавым узроўні, не ўказаныя канкрэтныя прозьвішчы. Украінскі бок даў магчымасьць афіцыйнаму Менску вызначыцца самастойна. У кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі зьявіўся шанец, нягледзячы на раней дасланае віншаваньне суперніку Юшчанкі Віктару Януковічу, асабіста прыехаць у Кіеў. Паводле кіраўніка прэсавай службы прэзыдэнта, Лукашэнка яшчэ не вызначыўся.

Прадстаўнік дэпутацкай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Касьцян заявіў, што асабіста яго не цікавіць, хто і чаго паедзе на інаўгурацыю ў Кіеў. А ці накіруецца туды Аляксандар Лукашэнка?

(Касьцян: ) “Думаю, што не, бо калі была інаўгурацыя нашага прэзыдэнта ў 2001 годзе, мы нікога не запрашалі з прэзыдэнтаў краін СНД, і ўвогуле наш прэзыдэнт ня любіць езьдзіць на такія падзеі такога ўнутранага і палітычнага характару. Магчыма, нехта з адміністрацыі прэзыдэнта туды і паедзе”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў тлумачыць ваганьне афіцыйнага Менску апошнім няўдалым візытам Лукашэнкі ў Кіеў з нагоды 60-годзьдзя вызваленьня. Той візыт кіраўнік Беларусі вымушаны быў перапыніць і вярнуцца ў Менск да завяршэньня асноўнай праграмы.

(Саньнікаў: ) “Яны чакаюць, хто паедзе ад Расеі: калі Пуцін паедзе, то Лукашэнка не паедзе, калі Пуцін не паедзе, то Лукашэнка паедзе, таму што ён ужо меў такую няўдалую паездку ў Кіеў падчас сьвяткаваньня 60-годзьдзя, калі не спаткаўся з Пуціным, і цяпер, я думаю, што ён менавіта гэтага і чакае. Калі паедзе Грызлоў, ён можа паехаць”.

Тое, што запрашэньне афіцыйнаму Менску на інаўгурацыю прэзыдэнта Украіны прыйдзе, трэба было чакаць, таму што Беларусь – суседняя краіна. Гэта фармальнасьць дыпляматычнай практыкі альбо традыцыя, але гэта яшчэ нічога не гаворыць пра зьмест украінскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Выпрабаваньнем для ўкраінцаў можа быць, да прыкладу, заклік Рады Эўропы пра забарону ўезду на тэрыторыю яе краінаў-сябраў тым асобам, якія пазначаны ў вядомым дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса.

А як прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі рыхтуюцца да інаўгурацыі новага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі? Падчас аранжавай рэвалюцыі беларускія апазыцыянэры, якія адразу сталі на бок Юшчанкі, пасьпелі наладзіць добрыя стасункі зь яго каманадай. Былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, які асабіста добра ведае Віктара Юшчанку і ягоны штаб, ужо накіраваў свае віншаваньні новаабранаму прэзыдэнту. На ўрачыстасьці з нагоды інаўгурацыі ў Кіеў накіруюцца старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ня выключана, што на Майдан Незалежнасьці ў Кіеў зноў прыедуць актывісты дэмакратычнага руху Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG