Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міхаіла Марыніча 20 студзеня нарадзіўся унук


Алег Грузьдзіловіч, Менск Хлопчыка вырашылі назваць Захар. Ягоны бацька Павал Марыніч верыць, што Захар будзе жыць ў вольнай эўрапейскай Беларусі.

Сёньня ў Паўла Марыніча, старэйшага сына вядомага апазыцыянэра Міхаіла Марыніча, нарадзіўся сын. Вось што Павал Марыніч распавёў для Радыё Свабода.

(Павал Марыніч: ) “Хлопчык важыць 3 кіляграмы 530 грамаў, рост 53 сантымэтры. Перакананы, што будзе жыць ў вольнай эўрапейскай краіне з назвай Беларусь. Назавуць Захар, гэтак жонка захацела, ёй гэтак прысьнілася. Роды прайшлі добра – сын адчувае сябе добра. Жонка адчувае сябе добра, вось вярнуўся, адвозіў ёй прадукты. Заўтра праінфармуем дзеда. Зьбіраюся перадаць яму фотаздымак, сына ужо сфатаграфавалі”.

Дарэчы, Павал Марыніч прысутнічаў пры нараджэньні сына і кажа, што нават дапамагаў сваёй жонцы.

(Павал Марыніч: ) “Гэта менавіта дапамога. І уражаньні выдатныя, гэта шчасьце незвычайнае!”

У Міхаіла Марыніча гэта ужо другі ўнук. Першага ўнука завуць Станіслаў, яму 13 гадоў, ён сын Ігара Марыніча, малодшага сына Міхаіла Марыніча.

Нагадаем, былога міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча асудзілі на 5 гадоў турмы. Шмат хто ў Беларусі лічыць, што Марыніча перасьледуюць за палітычную дзейнасьць.
XS
SM
MD
LG