Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш прыведзены да прысягі


Віталь Цыганкоў, Прага Сёньня ў Вашынгтоне ў абстаноўцы самых строгіх захадаў бясьпекі адбылася цырымонія інаўгурацыі (увядзеньня ў пасаду) прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Пасьля прынясеньня прысягі ў параднай залі Капітолія прайшоў традыцыйны ланч з кіраўніцтвам Кангрэсу і гасьцямі, пасьля чаго прэзыдэнт на аўтамабілі накіраваўся ў Белы дом. Паводле традыцыі за прэзыдэнцкім картэжам ішоў сьвяточны парад, паглядзець які сабраліся каля 400 тысячаў чалавек.

Джордж Буш быў прыведзены да прысягі на прыступках будынку Кангрэса ЗША на Капіталійскім узгорку. Прысягу прыняў старшыня Вярхоўнага Суду Уільям Рэнквіст.

(Буш: ) “Я, Джордж Уолкер Буш, урачыста клянуся, што буду няўхільна выконваць абавязкі Прэзыдэнта Злучаных Штатаў, і буду ў поўную меру сваіх здольнасьцяў берагчы, ахоўваць і абараняць Канстытуцыю Злучаных Штатаў. Дапамажы мне Бог”.

Пасьля прысягі прэзыдэнт ЗША выступіў з 20-хвіліннай прамовай, якая вызначыла галоўныя стратэгічныя накірункі дзейнасьці новай адміністрацыі. Асноўнай ідэяй выступу стала пашырэньне свабоды па ўсім сьвеце. “Захаваньне нашай свабоды ўсё больш залежыць ад посьпеху свабоды ў іншых краінах. Найлепшая надзея для міру ў нашым сьвеце – гэта трыюмф свабоды па ўсім сьвеце” – сказаў Буш. “Усе тыя, хто жыве ў тыраніі і прыгнёце, могуць быць упэўненыя: ЗША не пакінуць без увагі ваша гаротнае становішча і не даруюць вашым прыгнятальнікам. Калі вы будзеце змагацца за сваю свабоду, мы будзем змагацца разам з вамі”, -- заявіў прэзыдэнт ЗША.

(Буш: ) “Палітыка ЗША – знаходзіць і спрыяць росту дэмакратычных рухаў і інстытуцыяў у кожнай краіне, з адназначнай мэтай пакончыць з тыраніяй у нашым сьвеце. Гэта не абавязкова пытаньне зброі. Але мы будзем абараняць сябе і нашых сяброў і сілай зброі, калі гэта будзе неабходна”.

Аналітыкі адзначаюць, што інаўгурацыйная прамова Джорджа Буша, насуперак традыцыям, амаль цалкам была прысьвечаная зьнешняй палітыцы, хаця і не ўтрымлівала аніякіх канкрэтных палітычных ініцыятываў. Каля ста тысячаў чалавек, нягледзячы на халоднае надвор’е, сабралася ля Капітолія, каб на свае вочы пабачыць цырымонію прысягі. Сярод прысутных – палітыкі, дыпляматы, былыя прэзыдэнты ЗША Джордж Буш-старэйшы, Біл Клінтан і Джымі Картэр. Сярод ўрачыстасьцяў, які працягнуцца 4 дні – салют, і 9 баляў. Арганізатары заяўляюць, што патрацяць на гэта 40 мільёнаў даляраў, якія будуць фінансаваныя коштам спонсараў. Сёньня таксама сотні людзей пратэставалі ў розных раёнах Вашынгтону супраць палітыкі Джорджа Буша. З-за жорсткіх правілаў бясьпекі, пратэсты былі дазволеныя даволі далёка ад Капітолія і Белага дому -- месцаў урачыстай цырымоніі.

Тым часам гарадзкія ўлады Вашынгтона паведамілі, што насуперак сталай традыцыі адміністрацыя Буша адмаўляецца кампэнсаваць гораду большую частку выдаткаў, зьвязаных з цырымоніяй інаўгурацыі. Таму Вашынгтону давядзецца затраціць на цырымонію 12 мільёнаў даляраў з гарадзкога бюджэту, залічыўшы гэтыя грошы паводле артыкулу расходаў на нацыянальную бясьпеку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG