Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінінградзе адкрылі помнік Скарыну


Юры Сьвірко, Менск Сёньня ў Калінінградзе падчас паседжаньня беларуска-расейскай Рады супрацоўніцтва з Калінінградзкай вобласьцю адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка Францішку Скарыну, які ў 1530 годзе езьдзіў у Кёнігсбэрг па справах кнігадрукаваньня на запрашэньне герцага Альбрэхта. Калінінградзкія беларусы зьбіраюцца адкрываць гэты ж помнік 25 сакавіка, на Дзень Волі.

Удзел у адкрыцьці помніка ўзяў паўнамоцны прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі ў Расеі — віцэ-прэм’ер Васіль Даўгалёў. Паводле афіцыйнай інфармацыі беларускага МЗС, помнік Францішку Скарыну адліты з бронзы на Менскім заводзе манумэнтальнага мастацтва і важыць больш за 3 тоны, скульптар — Анатоль Арцімовіч. Аплата і дастаўка ажыцьцяўляліся “Беларуска-балтыйскім гандлёвым домам” і сузаснавальнікам гэтага прадпрыемства — фірмай “Кёнігсбэрг трэйдынг”. Месца для помніка ўпарадкавалі за кошт мэрыі ды абласнога Елізавецінскага фонду. Манумэнт Скарыну стаіць на вуліцы Аляксандра Неўскага, каля аднаго з карпусоў Калінінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе працуюць фізычны й матэматычны факультэты, распавёў старшыня Беларускага культурнага таварыства “Каралявец” Ігар Шаховіч.

Ён жа дадаў, што ягоную суполку адхілілі ад усталяваньня гэтага помніка, на якім цяпер напісана па-расейску: “Вялікаму ўсходнеславянскаму асьветніку, беларускаму першадрукару”. Спадар Шаховіч кажа, што калінінградзкая філія амбасады Беларусі ў Расеі нават не запрасіла яго на цяперашнюю цырымонію адкрыцьця помніка:

(Шаховіч: ) “Мы плянуем таксама адкрываць помнік — на 25 сакавіка. Стаіць ужо зь верасьня помнік, але ў нас тут сытуацыя такая няпростая, таму што адна справа, калі прыедзе чыноўнік і нейкую акцыю там правядзе, а другая справа, што мы гэтым помнікам займаліся вельмі доўга, шмат гадоў, хацелі б імпрэзу ўрачыстую зрабіць — каб быў прадстаўлены скульптар Арцімовіч, навукоўцы, людзі, якія стаялі ля вытокаў гэтага помніка”.

Ігар Шаховіч параўноўвае калінінградзкую сытуацыю з маскоўскай, дзе тамтэйшыя беларусы таксама шмат гадоў змагаліся за ўсталяваньне помніка Янку Купалу, а цяпер праект манумэнту зацьвердзіў Аляксандар Лукашэнка, які назваў сябе ініцыятарам гэтай ідэі. Помнік Купалу ў Маскве адкрыюць у трэцім квартале сёлета.

Чакаецца, што спадар Лукашэнка будзе адкрываць помнік Францішку Скарыну ў Менску. Акадэмія навук не захацела ўсталяваць манумэнт каля свайго будынку на праспэкце Скарыны, таму ўлады абяцаюць, што помнік Скарыну будзе стаяць на гэтым жа праспэкце ягонага імя, але далей ад цэнтру — каля новага будынку Нацыянальнае бібліятэкі, якую дабудуюць сёлета і створаць вакол парк.

Што да помнікаў Францішку Скарыну ў замежжы, дык у Празе ён быў адкрыты 31 кастрычніка 1996 году каля замку на Градчанах. Таксама ёсьць мэмарыяльныя шыльды ў памяць Скарыны ў двары Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі, у польскім горадзе Кракаве ды італійскім Падуі.

Якія яшчэ помнікі беларускім клясыкам ёсьць у замежжы? Пакуль на тэрыторыі Расеі стаіць толькі помнік Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі. Гэтая копія менскага помніка Багдановічу была ўсталяваная ў тамтэйшым дзяржунівэрсытэце ў 1994 годзе. Раней у Яраслаўлі быў пабудаваны помнік ягонаму бацьку Адаму Багдановічу.

У крымскім Місхоры помнік Максіму Багдановічу ў парку санаторыю “Беларусь” усталявалі яшчэ ў 1957 годзе. Пазалетась у Ялце быў адкрыты і надмагільны помнік Багдановічу.

У Нью-Ёрку ў адным з паркаў стаіць бюст Янкі Купалы.

У Кіеве плянуюць сёлета ўсталяваць помнік Якубу Коласу як адказ на адкрыцьцё манумэнту Тарасу Шаўчэнку ў Менску.

Дзеячы польскае інтэлігенцыі прапануюць паставіць у Варшаве помнік Янку Купалу і Якубу Коласу. Беларуская амбасада ладзіць наконт гэтага кансультацыі зь дзяржустановамі і варшаўскімі ўладамі. Яшчэ адзін манумэнт Францішку Скарыну мусіць зьявіцца ў сталіцы Казахстану Астане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG