Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачка вярнула ляўрэатцы прэзыдэнцкай прэміі Таісе Бондар ейныя кнігі па пошце


Іна Студзінская, Менск Днямі ў рэдакцыю “Народнай волі” па пошце прыйшла бандэроль з шасьцю кніжкамі розных гадоў выданьня адной аўтаркі – Таісы Бондар, якая зараз ачольвае голдынг “Літаратура і мастацтва” і нядаўна была ўганараваная прэзыдэнцкай прэміяй “За духоўнае адраджэньне”. Лідзія Прашковіч з Мазыра просіць рэдакцыю вярнуць кнігі аўтарцы. Як высьветлілася, гэта ня першая спроба былых прыхільнікаў таленту Таісы Бондар вярнуць аўтарцы яе творы…

У лісьце, які знаходзіўся ў бандэролі, Лідзія Іванаўна Прашковіч піша: “У апошнія гады я стала заўважаць, як, напэўна, няўтульна адчуваюць сябе Вашы кнігі, а значыць, мяркую, і іх аўтар, побач з “пасрэднымі творамі” Барадуліна, Быкава, Бураўкіна, Гілевіча і іншых творцаў, якія суседзяць з Вашымі па алфавітным прынцыпе. Таму вяртаю вашы кнігі праз рэдакцыю”.

Чытачка просіць Таісу Бондар забраць пакунак са сваімі творамі. Менавіта ўзнагароджаньне кіраўніцы голдынгу “Мастацкая літаратура” прэзыдэнцкай прэміяй “За духоўнае адраджэньне” і падштурхнула Лідзію Іванаўну на такі ўчынак.

Кажуць, што шмат гадоў таму маладой паэтцы спадарыні Бондар многія вядомыя творчыя асобы прысьвячалі вершы, пісалі яе партрэты. Цікава, як яны цяпер ставяцца да сваіх твораў – можа, новыя прысьвячаюць, ці, наадварот, таксама хочуць вярнуць?

Напрыканцы 1970-х мастак Аляксей Марачкін напісаў партрэт маладой Таісы Бандар. Дарэчы, паэтка была тады сапраўды вельмі папулярнай – яе партрэт пісаў і Гаўрыла Вашчанка. Дык вось, Аляксей Марачкін таксама хацеў бы яго вярнуць ёй, але ня можа:

(Марачкін: ) “Не магу яго вярнуць. Бо гэты партрэт у свой час быў выкуплены Мастацкім фондам. Ну што ж, людзі мяняюцца. Дарэчы, ёсьць нейкая кніжка яе ў мяне, падпісаная. Я яе вазьмі дый паглядзі. Гэтая кніжка пісалася якраз у часы дэмакратызацыі, часы Шушкевіча. Я пачытаў некаторыя старонкі – ну проста рэвалюцыянэрка! Такія погляды, якія блізкія мне. І раптам зусім другі чалавек стаў. Такі нонканфармізм. Вось Быкаў – які быў тады, ён застаўся такі самы. А вось Таіса Бондар зараз поўнасьцю “пад капытом” у “дарагога і любімага ўсенародна выбранага”. Як там у Багдановіча: “Жыві і цэльнасьці шукай, аб шыраце духоўнай дбай”. Якая б ні была духоўная шырата, цэльнасьць павінна быць, я так разумею”.

Паэт Уладзімер Някляеў некалі прысьвяціў верш тром беларускім паэткам – Яўгеніі Янішчыц, Раісе Баравіковай і Таісе Бондар. Ад апошняй наслухаўся шмат абвінавачваньняў на свой адрас… Але зараз кажа, што з жанчынамі не ваюе…

(Някляеў: ) “Ой, хто ж тады ведаў, што так будзе! Гэта даўно было. Яны былі яшчэ зусім маладыя. Ніяк не прагледжвалася тое, што пасьля сталася”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, а зараз ня хочацца “адклікаць” прысьвячэньне адной зь іх?”

(Някляеў: ) “Сьмешнавата з гэтым змагацца. Наагул, я ня ўмею змагацца з жанчынамі, гэтаму мяне жыцьцё ніяк не навучыла. Проста калі паўстаю супраць жанчыны, у мяне апускаюцца рукі. Думаю апрыёры, што яна мяне перамагла. Я проста ня ведаю, як гэта робіцца. З мужыкамі я магу змагацца насьмерць, а тут у мяне проста нявыкладка…”

Але зь вяртаньнем кніг, кажуць, гэта ня першы выпадак. Распавяду гісторыю, якая адбылася амаль чвэрць стагодзьдзя таму. У бібліятэцы тэатральна-мастацкага інстытуту праходзіла творчая сустрэча тады яшчэ маладой паэткі Таісы Бондар са студэнтамі. Прысутнічалі на той сустрэчы тагачасныя студэнты Адам Глёбус, Рыгор Сітніца, мастак Аляксей Марачкін.

Завязалася дыскусія, спрэчкі. Рыгор Сітніца ўступіўся тады ў абарону маладой паэткі, і яна падаравала яму сваю кнігу з надпісам “Заставайцеся такім, які вы ёсьць”. Прайшлі гады, і нядаўна Рыгор Сітніца вырашыў вярнуць кнігу Таісе Бондар. Прыйшоў да яе ў прыёмную і са словамі “Я такім і застаўся, як вы і пажадалі мне. А вось вы, на жаль, вельмі зьмяніліся”. Паклаў кнігу на стол і выйшаў…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG