Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыя не павінна займацца Статкевічам, яна павінна займацца адзіным кандыдатам”


Алесь Дашчынскі, Менск 20 студзеня на чарговай сустрэчы лідэраў стала дзеючай нарады дэмакратычных сілаў, у якую ўваходзяць дзесяць суб’ектаў, павінна вырашыцца пытаньне, хто будзе прадстаўляць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная грамада) ў іхных шэрагах: Мікола Статкевіч альбо Анатоль Ляўковіч. Нагадаю, што ў гэтым пытаньні 18 студзеня на сустрэчы лідэраў нарады адбылася бурная дыскусія.

На нарадзе галасавалася кампрамісная прапанова лідэра кааліцыі “Маладая Беларусь” Паўла Севярынца, а менавіта: на паўтара месяца адкласьці гэтае пытаньне, пакуль Мікола Статкевіч зьбярэ зьезд, каб пацьвердзіць альбо не пацьвердзіць свае паўнамоцтвы. Пасьля гэтага нарада павінна прыняць палітычнае рашэньне.

На мінулым пасяджэньні нарады гэтая прапанова не прайшла, бо чатыры суб’екты выказаліся “за” і чатыры “супраць”. Паводле спадара Севярынца, калі ў Народнай грамадзе 25-30 працэнтаў людзей вырашылі пайсьці іншым шляхам, трэба весьці перамовы зь імі, але па гэтай прычыне нельга выключаць спадара Статкевіча, вядомага палітыка, лідэра “Эўрапейскай кааліцыі”.

(Севярынец: ) “Мне здаецца, што некаторыя палітыкі надта захапіліся магчымасьцю разьлічыцца са Статкевічам за нейкія мінулыя справы, а ўжо месяц з-за гэтага літаральна стаіць уся праца, якую павінна рабіць апазыцыя. Аб’яднаная апазыцыя не павінна займацца Статкевічам, яна павінна займацца адзінай стратэгіяй, адзіным кандыдатам”.

У мінулым паседжаньні нарады бралі ўдзел прадстаўнікі абодвух канфліктуючых бакоў Народнай грамады. Ставілася на галасаваньне пытаньне ці аказаць давер новаабранаму кіраўніцтву партыі, а гэта значыць запрасіць яго замест Міколы Статкевіча. Гэтую прапанову падтрымалі двое з дзевяці. Пасьля гэтага новаабаранае кіраўніцтва БСДГ (НГ) пакінула паседжаньне нарады.

Нагадаю, што на зьезьдзе Народнай грамады 15 студзеня яе старшынём быў абраны Анатоль Ляўковіч. Месца старшыні аказалася вакантным пасьля выключэньня з шэрагаў партыі папярэдняга кіраўніка Міколы Статкевіча. Ці можа гэты канфлікт стаць прычынай разладу ўнутры ўсёй аб’яднанай апазыцыі?

Мне здаецца, гэта будзе залежаць ад таго, ці змогуць сёньня ўдзельнікі нарады, а сярод іх кааліцыя “Пяцёрка+”, прадстаўнікі яшчэ трох партый, Народнай Грамады, “Надзеі”, зялёных, а таксама аргкамітэту новай партыі, якую стварае былы дэпутат Уладзімер Навасяд і кааліцыі “Маладая Беларусь”, прыняць супольнае рашэньне ў гэтым пытаньні. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін мяркуе, што ёсьць толькі адзін варыянт: трэба прызнаць рашэньне зьезда Народнай Грамады. Але ў такім выпадку Мікола Статкевіч можа застацца па-за межамі кааліцыі?

(Калякін: ) “Так, натуральна, бо ў гэтай кааліцыі няма пэрсанальных людзей, а ёсьць палітычныя арганізацыі. Прадстаўляць “Народную грамаду” ён сёньня, канешне ж, на мой погляд, ужо ня зможа, таму што трэба паважаць рашэньне зьезда партыі, які адбыўся”.

Паводле Сяргея Калякіна, гэта не выключае ўдзелу спадара Статкевіча ў агульным працэсе, бо ён вылучаны прэтэндэнтам на адзінага кандыдата. Зь ім будзе мець справу любая кааліцыя для выпрацоўкі ўзгодненых рашэньняў, калі гэтага захоча сам Мікола Статкевіч.

Такім чынам, існуюць два абсалютна супрацьлеглыя меркаваньні ў гэтым пытаньні, якое павінна вырашыцца сёньня на сустрэчы лідэраў стала дзеючай нарады дэмакратычных сілаў.

Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка не выключае, што кола кааліцыі можа памяняцца, бо трэба ўжо гаварыць не пра “дзесятку”, а пра аб’яднаньне палітычных сілаў, якія дзейнічаюць у рамках агульнай стратэгіі. Спадар Вячорка прапануе такі варыянт разьвязаньня сытуацыі вакол Народнай грамады:

(Вячорка: ) “Мы ўступілі ў новы этап, мы прыступаем да рэалізацыі схемы вылучэньня адзінага кандыдата, і тут ужо проста няма часу разьбірацца са статусамі. Тыя, хто падтрымлівае гэтую схему і выстаўляе пэўнага адзінага кандыдата, натуральна, павінны супрацоўнічаць, працаваць разам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG