Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкія актывісты Гомелю навязваюць сувязь з калегамі з памежных рэгіёнаў Украіны


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомель прыехалі кіраўнікі грамадзкіх арганізацыяў з памежных абласьцей Украіны. Падчас сустрэчаў з гомельскімі актывістамі яны дзеляцца досьведам працы грамадзкіх суполак ва ўмовах дэмакратычных пераўтварэньняў.

Госьці з Украіны прадстаўляюць найперш грамадзкія суполкі з памежных абласных цэнтраў — Чарнігава, Віньніцы, Жытоміру. Таму я пацікавіўся ва ўкраінцаў пра іх удзел у дэмакратычных пераменах ва Ўкраіне. Распавядае Андрэй Аўчарук, прадстаўнік жытомірскага Цэнтру моладзевых ініцыятываў:

(Аўчарук: ) “Да выбараў мы займаліся актывізацыяй і мабілізацыяй моладзі Жытомірскана рэгіёну, каб моладзь прыйшла на прэзыдэнцкія выбары і прагаласавала, зрабіла свой выбар. Раней у нас найбольш пэнсіянэры прыходзілі на ўчасткі й абіралі тую ўладу, якая ім падабаецца. Яны ня думалі пра моладзь і яе будучыню. Мы дыскутавалі з гомельскімі калегамі й пераканаліся, што ў Беларусі, у адрозьненьне ад Украіны, пакуль няма той крытычнай масы насельніцтва, якая пастаяла б за сваю думку і пазыцыю”.

Павал Пушчанка, кіраўнік моладзевай грамадзкай арганізацыі “Армада”, удзельнік руху “Пара” з Чарнігаву распавёў, што яны ў сваім горадзе ладзілі бесьперапынныя масавыя акцыі пратэсту:

(Пушчанка: ) “Як казаў наш украінскі прарок Тарас Шаўчэнка, змагайцеся і пераможаце. Трэба, каб рух барацьбы, супрацьдзеяньня ўладам не спыніўся. Каб была традыцыя працягу. Барацьба не адразу можа быць удалаю. У нас у 2001 годзе грамадзянская кампанія “Ўкраіна бяз Кучмы” не ўдалася. Але мы займелі вялікі досьвед барацьбы з рэжымам. Гэты досьвед і дапамог нам на апошніх выбарах”.

Украінцы з памежных раёнаў і гамельчукі наважаны ажыцьцяўляць сумесныя праекты. Пра іх мэту гаворыць Юры Сьцепанец, прадстаўнік партыі “Наша Ўкраіна” зь Віньніцы:

(Сьцепанец: ) “Дапамагчы беларускаму трэцяму сэктару ўстаць на ногі, як было ў свой час у Польшчы, ва Ўкраіне. Мяркую, што наступнай дзяржавай, якая мусіць перажыць дэмакратычныя перамены, будзе Беларусь. Як у свой час нашай аранжавай рэвалюцыі дапамагалі палякі, так мы спадзяёмся дапамагчы Беларусі, нашым сябрам, дасягнуць дэмакратыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG