Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Драмы на паляваньні адбываюцца з прычыны парушэньня тэхнікі бясьпекі


Іна Студзінская, Менск Трагедыяй завяршылася паляваньне на зайца ў мінулыя выходныя ў Докшыцкім раёне. Каля вёскі Залядзьдзе быў забіты паляўнічы.

Якраз у мінулыя выходныя, у трэцюю нядзелю студзеня, быў афіцыйна закрыты паляўнічы сэзон на зайца. Праўда, па спэцыяльных дазволах брыгадам можна паляваць на ваўка, чырвоную лісіцу. Яшчэ паводле дазволу Міністэрства прыродных рэсурсаў да 1 лютага падоўжана паляваньне на дзіка і аленя, але толькі ў суправаджэньні егера.

Ці часта адбываюцца няшчасныя выпадкі падчас паляваньня? У мінулым годзе ў Беларусі адбылося каля дзесятка трагічных выпадкаў, якія скончыліся сьмерцю паляўнічых. Дакладную статыстыку Міністэрства ўнутраных справаў не вядзе, грамадзкіх аб’яднаньняў паляўнічых ў краіне некалькі – “Белпаляваньне”, таварыства вайсковых паляўнічых, Рэспубліканскае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Толькі 5 сьмяротных выпадкаў адбылося падчас санкцыянаванага паляваньня, паведаміў Ігар Суракоў, старшыня Рэспубліканскага таварыства паляўнічых.

(Суракоў: ) “У Валмянскай прыватнай паляўнічай гаспадарцы дырэктара застрэлілі на адкрыцьці паляваньня на качку. У нашай гаспадарцы ў Полацку і Шаркаўшчыне адбыліся трагедыі падчас паляваньня на кабана”.

Новы год пачаўся зь няшчаснага выпадку ў Докшыцкім раёне. 16 студзеня быў апошні дзень дазволу на адстрэл зайца, пяцёра паляўнічых пайшлі ў лес. Днём, у сьветлы час адзін паляўнічы выпадкова стрэліў у жывот свайму калегу, рана аказалася сьмяротнай. Гаворыць сьледчы Докшыцкай раённай пракуратуры:

(Сьледчы: ) “Выяжджала апэратыўна-сьледчая група на месца здарэньня. Узбуджаная справа па артыкуле 144 частцы 1 Крымінальнага кодэксу – прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці”.

Паводле старшыні Рэспубліканскага таварыства паляўнічых Ігара Суракова, усе забойствы і раненьні адбываюцца толькі з адной прычыны: парушэньне тэхнікі бясьпекі і неасьцярожнае абыходжаньне са зброяй. Перад кожным паляваньнем праводзіцца інструктаж.

Перад тым, як атрымаць пасьведчаньне паляўнічага, людзі павінны здаць іспыты па тэхніцы бясьпекі, усе яны атрымліваюць дазвол на набыцьцё зброі, абавязкова здаўшы тэхмінімум. Толькі безадказнасьць, бязладнасьць, чалавечы фактар прыводзяць да трагедыі, перакананы Ігар Суракоў.

(Суракоў: ) “Чалавек сядае ў машыну не разрадзіўшы стрэльбу, спадзеючыся на тое, што ён будзе трымаць ствалы ў іншы бок. Часам людзі страляюць на шоргат, а не па дакладна бачнай цэлі, часам накіроўваюць стрэльбу ў бок чалавека, жывёліны, што катэгарычна забараняецца. Людзі неўранаважаныя – хапае стрэльбу і бяжыць, спатыкнуўся, паваліўся. І менавіта парушэньне тэхнікі бясьпекі прыводзіць да такіх выпадкаў”.

Бальшыня трагедыяў падчас паляваньня кваліфікуецца як прычыненьне сьмерці ці цялесных пашкоджаньняў па неасьцярожнасьці. Зрэдку бываюць выпадкі, калі падчас рэйдаў і змаганьня з браканьерамі пацярпелымі і нават ахвярамі становяцца міліцыянты, інспэктары.

(Суракоў: ) “Быў адзін выпадак па Негарэльскай паляўнічай гаспадарцы, там застрэлілі напрыканцы году інспэктара Стаўбцоўскай раённай інспэкцыі пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. Быццам бы некага затрымалі. Але пакуль ідзе сьледзтва. Ёсьць толькі чалавек, якога забілі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG