Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі створана новая грамадзкая арганізацыя — “Абаронцы Айчыны”


Любоў Лунёва, Менск Паводле яе старшыні Алега Воўчака, яна аб’яднае дэмакратычна арыентаваных былых і дзейных супрацоўнікаў праваахоўчых органаў і сілавых структураў

Алег Воўчак заявіў, што ганаровым старшынём арганізацыі абраны Юры Захаранка. На думку спадара Воўчака, стварэньне руху “Абаронцы Айчыны” — гэта працяг ідэі Юрыя Захаранкі, які імкнуўся стварыць Саюз афіцэраў. “Дэмакратыяй колеру хакі” назваў Алег Воўчак сваю арганізацыю. Каардынаваць дзеяньні будзе штаб. Паводле старшыні, рашэньні, прынятыя штабам, нібыта будуць выконваць супрацоўнікі КГБ, пракуратуры і сілавікі на месцах. Алег Воўчак запэўнівае, што гэты штаб мае вызначаныя выхады на сілавыя структуры краінаў СНД, а таксама недзяржаўныя арганізацыі вэтэранскага і ваенна-патрыятычнага кшталту. Намесьнік старшыні арганізацыі, афіцэр запасу Ўладзімір Арэстаў адной з задачаў арганізацыі назваў аб’яднаньне апазыцыі:

(Арэстаў: ) “Апазыцыя так званая альбо не зразумела, альбо не пажадала зразумець, што ж гэта нараждаецца. Сёньня мы адкрыта заяўляем з нашымі іншымі магчымасьцямі: не пажадаеце аб’ядноўвацца — “дапаможам” аб’яднацца! Альбо мы будзем бачыць, хто ня хоча аб’яднацца. У нас, спадарства, іншыя магчымасьці!”

Ці насамрэч пойдуць на супрацоўніцтва з новай арганізацыяй дзейныя прадстаўнікі міліцыі і спэцслужбаў? Нягледзячы на папярэднія заявы, Алег Воўчак так адказаў Радыё Свабода на гэтае пытаньне:

(Воўчак: ) “Няма ў нас самастойных фігураў ні ў пракуратуры, ні ў МУС. Адзін чалавек трымае ўсю сытуацыю. Таму ня будзе кантактаў”.

Алег Воўчак заявіў, што КГБ нібыта перадаў інфармацыю сьледчым Случаку і Петрушкевічу аб стварэньні і дзейнасьці “эскадрону сьмерці”, і ён ужо накіраваў яе ў рэдакцыю “Московского комсомольца”. Штаб руху “Абаронцы Айчыны” заснаваў прэмію імя Юрыя Захаранкі “З адкрытым забралам”. Арганізатары пакуль не назвалі прозьвішча намінанта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG