Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Аэробус" прадставіў новы авіялайнэр на 555 пасажыраў


Сяргей Астраўцоў, Прага Эўрапейскі кансорцыюм “Аэробус” прадставіў свой новы гіганцкі авіялайнэр А380. Ён разьлічаны на 555 пасажыраў, якія разьмесьцяцца на дзьвюх палубах. Самалёт пабудаваны з увагі на тое, што лічба пасажыраў на самых працяглых сусьветных маршрутах увесь час павялічваецца. Праект, які каштаваў 18 мільярдаў даляраў, зьяўляецца праявай спаборніцтва за лідэрства з адзіным канкурэнтам “Аэробуса” -- амэрыканскім “Боінгам”.

Цырымонія прэзэнтацыі авіяцыйнага супэргіганта А380 адбылася сёньня ў францускім горадзе Тулуза, дзе знаходзіцца асноўнае прадпрыемства “Аэробуса”. Запрошаны былі 5 тысячаў гасьцей, сярод якіх кіраўнікі Англіі, Францыі, Нямеччыны і Гішпаніі. Падзея адбывалася па-сьвяточнаму -- з музыкай і танцамі.

А380—самы вялікі ў сьвеце самалёт, у якога чатыры рухавікі і размах крылаў—80 мэтраў. Паведамляецца, што калі ўсе салёны будуць зроблены цалкам у эканамічнай вэрсіі, самалёт зможа браць на борт нават 850 пасажыраў. Як зазначаецца, гэта—насельніцтва невялікага мястэчка. Каштуе адзін лайнэр 280 мільёнаў даляраў. Шэсьць “Аэробусаў” будуць мець гімнастычныя залы, салёны прыгажосьці, бары, казіно і нават двухспальныя ложкі.

Прадстаўнік кіраўніцтва кансорцыюма Дэвід Вілапілай сказаў, што ў А380 будуць новыя стандарты зьмяшчальнасьці пасажыраў. Аднак некаторыя экспэрты гавораць, што новы самалёт мае істотныя недахопы—ён зможа прызямляцца толькі ў самых вялікіх аэрапортах, і палёт будзе рэнтабэльным толькі пры вельмі вялікай колькасьці пасажыраў. Але Вілапілай зазначае, што колькасьць авіяпасажыраў падвойваецца кожныя 15 гадоў, таму наяўнасьць вялікіх самалётаў эканамічна вельмі апраўдана.

(Велупілай:) “А380—выйсьце для сусьветных авіялініяў, аэрапортаў і авіядыспэтчараў, каб прыстасавацца і засвоіць гэтае падваеньне пасажырскіх перавозак, прычым без павелічэньня узьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе”.

У новы праект было ўкладзена 18 мільярдаў даляраў. Каб атрымаць прыбытак, трэба выпусьціць 260 самалётаў. Замовы ўжо атрыманы на 149. Першы палёт А380 павінен адбыцца ў сакавіку. Стала абслугоўваць пасажыраў новыя “Аэробусы” пачнуць у 2006 годзе.
XS
SM
MD
LG