Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым сутнасьць праблемы з новым мэханізмам спагнаньня ПДВ пры гандлёвых апэрацыях паміж беларускімі й расейскімі фірмамі?


RFE/RL Растлумачыць, у чым сутнасьць зьмены парадку спагнаньня падатку на даданую вартасьць (ПДВ) і чаму гэта спарадзіла такія праблемы, я папрашу майго калегу Юрыя Дракахруста.

(Дракахруст: ) “Я распавяду тое, што мне казалі адмыслоўцы-эканамісты, можа і сам лепш зразумею. Які парадак быў раней: расейскі вытворца, скажам, чаравікаў Іван прадаваў беларускаму гандляру Янку, напрыклад, боты за 100 рублёў. З гэтых ста рублёў, атрыманых ад Янкі, Іван плаціў у расейскі бюджэт 18% падатку на даданую вартасьць – 18 рублёў, Янка ў беларускі бюджэт гэты падатак не плаціў. Адпаведна і вытворца, скажам, МАЗаў Рыгор прадаваў расейскаму гандляру Грігорію МАЗ за 10 тысячаў даляраў, і плаціў у свой беларускі бюджэт тысячу васемсот даляраў. Гэта і ёсьць спагнаньне падатку па краіне паходжаньня.

Але такі парадак гандлю не ўжываецца больш нідзе ў сьвеце. Звычайны парадак – іншы, па краіне прызначэньня. Калі браць наш прыклад , гэта азначае, што Іван мусіць прадаваць Янку боты за 82 рублёў, а ўжо Янка, прадаўшы боты беларускаму пакупніку за 100 рублеў, павінен заплаціць у беларускі бюджэт, беларускай дзяржаве тыя самыя 18 рублёў.

У зьдзелцы Рыгора і Грігорія – тое самае. Рыгор мусіць прадаваць МАЗ таньней на памер падатку, які ён ужо ня мусіць плаціць у беларускі бюджэт, гэта завецца “ачышчэньне” цаны ад падатку. А сплата гэтага падатку ў расейскі бюджэт – справа Грірогія, які купіў тавар у замежніка-беларуса”.

(Карэспандэнт: ) “Юры, і каму гэтая перамена выгадная?”

(Дракахруст: ) “Падлікі паказвалі, што Беларусі. Справа ў тым, што Беларусь мае з Расеяй адмоўнае гандлёвае сальда. Гэта азначае, што Беларусь больш купляе ў Расеі, чым прадае туды.

Уявіце скажам (лічбы ўмоўныя) Беларусь прадае ў Расею на 1 мільярдаў даляраў, а купляе – на 2 мільярдаў. Раней ПДВ у 18% ад 1 мільярда ішоў у беларускі бюджэт – гэта 180 мільёнаў, а 18% ад 2 мільяраў – у расейскі, гэта 360 мільёнаў. Зараз пры новым парадку спагнаньня мусіць быць наадварот. Падатак ад беларускага экспарту ў Расею – у нашым прыкладзе 180 мільёнаў, павінны ісьці ў расейскую казну, а падатак ад расейскага экспарту ў Беларусь – у нашым прыкладзе 360 мільёнаў у беларускі бюджэт. У нашым умоўным прыкладзе выйгрыш Беларусі складае 180 мільёнаў даляраў”.

(Карэспандэнт: ) “Юры, калі гэта так выгадна, чаму ж гэта спараджае такія праблемы?”

(Дракахруст: ) “Як кажуць ангельцы, д’ябал хаваецца ў дробязях. Адмыслоўцы гавораць, што расейскі ўрад з прычыны доўгіх сьвятаў не паведаміў расейскім вытворцам, што парадак мяняецца. І яны, той жа Іван свайму партнэру Янку гаворыць, што пра навіны ведаць ня ведае і зьніжаць цану на свой тавар ня будзе. Але ж у Янкі ўжо ўзьнік абавязак перад сваім беларускім бюджэтам. За боты ў 100 рублёў, якія ён атрымаў ад Івана, ён ужо павінен 18 рублёў заплаціць беларускай дзяржаве. А дзе ён іх возьме? Зразумела, з кішэні беларускага пакупніка, якому тыя боты насіць. Праблема беларускіх прадпрыемстваў – яшчэ больш складаная, яны ж і пастаўшчыкі ў Расею і пакупнікі. Яны можа і атрымалі тлумачэньне, што павінны пастаўляць у Расею, скажам, тыя ж МАЗы без ПДВ. А калі расейцы ня робяць гэтага адносна мэталю, сыравіны зь якіх той МАЗ робіцца?

Што будзе мець МАЗ у выніку – велізарныя страты. Што адбываецца насамрэч? Поўнае спыненьне гандлю. З-за гэтай блытаніны ніхто дакладна ня ведае, дык ці трэба зьніжаць цану на памер падатку, ці не. І таму наагул прытрымлівае тавар, пакуль усё высьветліцца”.

(Карэспандэнт: ) “Юры, дык атрымліваецца, што прычына – у нядбайнасьці расейскіх уладаў, якія закон прынялі, а ягонае выкананьне не забясьпечылі?”

(Дракахруст: ) “Гэта адно з тлумачэньняў. Ёсьць і іншае. Тыя з нас, хто перажыў грашовыя рэформы і дэнамінацыі, ведаюць – цэны ніколі ня ідуць назад, як кажуць, рыбка задам не плыве. І дарэчы, ініцыятар тут выступіў “Газпром”. Памятаеце, мы паведамлялі пра газавыя спрэчкі напрыканцы году? У чым іх сутнасьць.

Беларусы, у прыватнасьці, “Белтрансгаз” тады казаў “Газпрому”: “Браты, вы нам прадавалі газ па 47 даляраў за тысячу кубоў і зь плацілі ПДВ у ваш бюджэт. Зараз вам туды плаціць ня трэба, гэта нам зараз трэба плаціць у наш бюджэт. Дык скіньце цану на 18% – гэта будзе дзесьці 35 даляраў за 1000 кубоў”.

А “Газпром” адказваў: “Вы хоць і браты, але ў нас у самай Расеі цана на газ падвышаецца. Калі з вас браць толькі 35 даляраў, дык атрымаецца, што газ для вас будзе таньней, чым для нашага Смаленску. Ці не зашмат вам будзе? Вы ж у Расею ня хочаце, ну дык і плаціце, і радуйцеся, што цана ранейшай засталася”.

Здаецца, беларускі ўрад і самы Лукашэнка дарма крыкам крычаць, што маўляў цана на газ падвышаецца. Як жа яна падвышаецца, калі застаецца ранейшай. Гэта ж справа беларускага ўраду – спаганяць ці не спаганяць з газу ПДВ. Можна і не спаганяць, тады “Белтрансгаз” ня будзе вымушаны падвышаць цэны на газ для айчынных прадпрыемстваў і насельніцтва. І ўсе задаволеныя? Не. Справа ў тым, што парадак спагнаньня ПДВ мяняецца на ўсе астатнія тавары. А калі зь беларуска-расейкага гандлю выключыць газ, то сальда атрымліваецца на карысьць Беларусі, гэта значыць, што пры новым парадку спагнаньня ПДВ губляе ўжо не расейскі, а беларускі бюджэт. І чым закрыць гэтую дзюрку?”

(Карэспандэнт: ) “Юры, ну а практычна, што можа зрабіць беларускі бок, чым наагул скончыцца гэтая бесталкоўшчына?”

(Дракахруст: ) “Парадак у спагнаньні гэтых падаткаў урэшце ўсталюецца. Цэны ў Беларусі, відаць, усё ж скокнуць, магчыма, не дакладна на 18%, але скокнуць. Прычым, кампэнсаваць іх рост за кошт росту цаны беларускага экспарту ў Расею не зусім атрымаецца, бо розная структура гэтага экспарту. Газ замяніць асабліва няма чым, а вось замест МАЗаў расейцы могуць купіць скажам нямецкі MAN, амэрыканскі “Катэрпілер”. Асабліва цану не падвысіш.

Аднак і беларускія ўрадоўцы і беларускія дырэктары разумеюць, што шляху назад, да ранейшага парадку спагнаньня ПДВ няма. Беларусь гандляваць з Расеяй паводле таго парадку, як гандлюе ўвесь сьвет”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG