Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2004 афіцэры спэцслужбаў Украіны падтрымалі шлях да будучыні; а ў 1994 іх калегі ў Беларусі – вяртаньне ў мінулае


Сяргей Навумчык, Прага У якой ступені “памаранчавая рэвалюцыя” ў Кіеве была вынікам кампрамісу паміж лідэрамі апазыцыі і спэцслужбамі? Гэтай тэме прысьвечаны артыкул у сёньняшняй “New York Times”.

Паводле “New York Times”, паміж лідэрамі апазыцыі і спэцслужбамі Ўкраіны пад час “аранжавай рэвалюцыі” існавалі неафіцыйныя кантакты, якія ў немалой ступені паспрыялі посьпеху гэтай рэвалюцыі.

“Падобнае рэдка ўзьнікала раней ў постсавецкіх дзяржавах, дзе супрацоўнікі спэцслужбаў часта былі самымі кансэрватыўнымі і бязьлітаснымі інструмэнтамі дзяржаўнай улады”, – піша “New York Times” і адзначае, што афіцэры спэцслужбаў накіроўвалі інфармацыю канкурэнтам Януковіча ягоным апанэнтам. Яны супрацоўнічалі з апазыцыяй пераважна тайна, зрэдку – публічна, і часам незаконна, каб блякаваць прыход да ўлады Віктара Януковіча, якога некалькі генэралаў, як адзначае “New York Times”, ненавідзелі.

Поўная ступень ролі сілавікоў пакуль што невядомая, хаця кіраўнік штабу Юшчанкі Алег Рыбачук вызначае гэта як “вельмі істотны элемэнт”, які дапамог апазыцыі “прафэсійна і сыстэматычна”.

Служба бясьпекі Ўкраіны (скарочана СБУ), спадкаемца колішняга КГБ, налічвае 38 000 супрацоўнікаў і не зьяўляецца маналітнай – там ёсьць прыхільнікі як прарасейскага, гэтак і празаходняга накірунку. Летась улетку яе кіраўнік Леанід Дзяркач быў адпраўлены ў адстаўку пасьля скандалу ў сувязі з продажу радарных сыстэмаў хусэйнаўскаму Іраку. Прэзыдэнт Кучма прызначыў кіраўніком СБУ генэрала Ігара Сьмешку, празаходне арыентаванага супрацоўніка вайсковай контарвыведкі. Ягонае прызначэньне было ацэненае як імкненьне афіцыйнага Кіева падфарбаваць узаемаадносіны з Захадам пасьля “радарнага скандалу”.

Алег Рыбачук кажа, што ён меў некалькі кантактаў з афіцэрамі СБУ, яны адбываліся рэгулярна, часам ноччу. Калі Юлія Цімашэнка лічыць, што генэралы проста хацелі застрахавацца на выпадак перамогі Юшчанкі, дык Рыбачук перакананы, што яны рызыкавалі сваімі кар’ерамі і нават жыцьцямі.

“New York Times” падае некаторыя найбольш яскравыя, вызначальныя эпізоды кантактаў паміж апазыцыяй і спэцслужбамі.

Уначы 21 лістапада група генэралаў сабралася ў кабінэце кіраўніка СБУ Ігара Сьмешкі – яны ўжо ведалі, што абвешчаная перамога прэмь’ера Януковіча ёсьць вынікам фальсыфікацыяў.

“Сёньня мы можам уратаваць нашыя пагоны, альбо – мы можам паспрабаваць выратаваць нашую краіну” – сказаў генэрал Раманчанка. Сёньня супрацоўнікі СБУ адзначаюць, што дзеяньні кіраўніцтва СБУ былі вядомыя другому боку – хаця б з прычыны існаваньня ў структурах расейскіх агентаў.

Камандуючы ўнутранымі войскамі меў намер накіраваць 15 тысяч байцоў да майдану Незалежнасьці і яшчэ 10 тысячаў трымаць у рэзэрве. Урад на чале з Януковічам запатрабаваў ад кіраўнікоў сілавых структураў лаяльнасьці. Пракурор Украіны выказаў асуджэньне апазыцыі і гатоўнасьць “пакласьці канец любому беззаконьню”. Аднак кіраўнік СБУ генэрал Сьмешка быў разьюшаны заявай пракурора, адмовіў яму ў праве выступаць ад імя СБУ і заявіў, што грамадзяне маюць права ажыцьцяўляць палітычныя свабоды і палітычныя праблемы павінны вырашацца толькі мірным шляхам.

Дарэчы, гэтыя словы генэрала імгненна былі перададзеныя ўсімі вядучымі агенцтвамі сьвету. Гэта быў сыгнал, што ў сілавых структурах Украіны, якіх лічылі лаяльнымі да ўладаў, няма адзінства.

Далей адбылася неафіцыйная сустрэча кіраўнікоў СБУ і Віктара Юшчанкі, у выніку якой лідэр апазыцыі атрымаў ахову з васьмі байцоў элітнага спэцпадразьдзяленьня, а генэрал Сьмешка – пэйза, намаляваны Юшчанкам. Генэралы пагадзіліся заявіць, што яны – не на баку якога-небудзь канкрэтнага кандыдата, а на баку закону. У тую ж ноч Юшчанка зьявіўся на Майдане разам зь пяцьцю кіраўнікамі СБУ. Гэта быў сыгнал для іншых.

Гэткім жа сыгналам былі і інтэрвію адстаўных генэралаў СБУ, якія сказалі, што іх жонкі і дзеці знаходзяцца на Майдане.

“New York Times” распавядае пра сустрэчу ў рэзыдэнцыі Кучмы, калі да яго прыехалі прэм’ер Віктар Януковіч і генэралы спэцслужбаў. Януковіч запатрабаваў прызначыць ягоную інаўгурацыю, абвясьціць надзвычайнае становішча і разблякаваць урадавыя будынкі. На гэта Кучма заявіў свайму колішняму пратэжэ: “Вы зрабіліся вельмі сьмелым, каб размаўляць са мной гэткім тонам, Віктар Фёдаравіч. Лепш бы Вы паказалі сваю храбрасьць на майдане Незалежнасьці”.

У сваю чаргу, кіраўнік СБУ генэрал Сьмешка прапанаваў Януковічу, калі ён хоча сілавога варыянту, аддаць пісьмовы загад. “Ці зробіце Вы гэта?” – запытаўся генэрал. Адказам было маўчаньне Януковіча. “Вось Вы і адказалі. Давайце ня будзем рабіць глупства. Няма ніякага сэнсу прымяняць сілу” – сказаў кіраўнік СБУ, які давёў таксама, што ў такім выпадку актывісты апазыцыі аказалі б сур’ёзны супраціў.

Нягледзячы на рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі аб мірным шляху выхаду з крызысу, на наступны дзень кіраўніком унутранымі войскамі генэралам Папковым была зроблена спроба прывесьці войскі да заблякаваных апазыцыянэрамі ўрадавых будынкаў. “New York Times” паведамляе пра дзеяньні афіцэраў СБУ, якія папярэджвалі камандзіраў падразьдзяленьняў аб незаконнасьці прымяненьня сілы безь пісьмовага загаду. Тое ж самае было перададзена і генэралу Папкову, які ў выніку адмовіўся ад сілавога варыянту.

Інфармацыя, якая падаецца ў “New York Times” – гэта толькі першыя сьведчаньні аб дзеяньнях спэцслужбаў у часе “аранжавай” рэвалюцыі. Можна меркаваць, што з цягам часу зьявяцца і іншыя.

Што ж да паралеляў зь Беларусьсю, дык ў найноўшай гісторыі Беларусі вядомы толькі адзін выпадак, калі афіцэры спэцслужбаў актыўна выступілі не на баку ўлады – пад час прэзыдэнцкіх выбараў 1994 года. Як пазьней стала вядома (і пра гэта даволі падрабязна распавядалася на хвалях “Свабоды” у цыклі “Урокі найноўшай гісторыі”) інфармацыйную ды іншую падтрымку кандыдату ў прэзыдэнты Аляксандру Лукашэнку аказвала група афіцэраў КГБ на чале з генэралам, былым кіраўніком вайсковай контарвыведкі Валерыем Кезам. Як і Юшчанка, Лукашэнка ў той час выступаў супраць існуючай улады. Але, у адрозьненьні ад лідэра ўкраінскай апазыцыі, праграма Лукашэнкі палягала на ліквідацыі нацыянальных сымбаляў, ліквідацыі статусу адзінай дзяржаўнай мовы – для мовы свайго народа і вяртаньня ў мінулае – фактычна, да рэстаўрацыі СССР.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG