Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднавіўся працэс над былым старшынём Белтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым


Алег Грузьдзіловіч, Менск А былому дырэктару падшыпнікавага завода Валеру Пензу прад’яўленае абвінавачаньне ў наўмысным давядзеньні прадпрыемства да банкруцтва.

Пасьля больш як трохтыднёвага перапынку ў Вярхоўным судзе Беларусі аднавіўся працэс над былым старшынём Белтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым. Рыбакова абвінавачваюць у хабарніцтве. Паводле зьвестак пракуратуры, падчас ператрусу ў ягонай кватэры было знойдзена больш за 500 тысяч даляраў. Нібыта гэтыя грошы былому кіраўніку беларускага тэлебачаньня далі камэрцыйныя фірмы за незаконныя паслугі.

Працэс над Рыбаковым праходзіць за закрытымі дзьвярыма, уся інфармацыя адносна падзеяў на судзе трымаецца ў сакрэце. Дакладна нават невядома, чаму спатрэбіўся перапынак у паседжаньні. Паводле некаторых крыніцаў, пракуратура дапоўніла матэрыялы сьледзтва новымі зьвесткамі, але якімі, не ўдакладняецца.

Адносна справы былога дырэктара Менскага падшыпнікавага заводу Валера Пензы ў пракуратуры Беларусі паведамілі, што яму ўжо прад’яўленае абвінавачаньне. Былога дырэктара абвінавачваюць у спробе збанкрутаваць прадпрыемства і ў службовых злоўжываньнях. Паводле сьледзтва, Валер Пенза цягам апошніх чатырох гадоў сьвядома вёў падшыпнікавы завод да банкруцтва. Ягоныя дзеяньні сьледчыя параўноўваюць з наўмыснымі банкруцтвамі заводаў у Расеі. Нібыта Пензу паабяцалі за гэта грашовую ўзнагароду. У якасьці аднаго з тых, хто нібыта “замовіў” Менскі падшыпнікавы завод, сьледчыя называюць расейскага алігарха Дзерыпаску.

Некаторыя супрацоўнікі падшыпнікавага заводу пацьвярджаюць зьвесткі пра вельмі дрэннае фінансавае становішча заводу ў апошнія гады. Інжынэр Галіна распавяла Радыё Свабода:

(Галіна: ) “Прыкладам, выплату заробку затрымліваюць. Усе прызначаныя тэрміны выйшлі, нават не 31-га, а 1–2-га чысла, а зарплаты ўсё няма. І ў гэты час робяць эўрарамонт у кабінэце галоўнага бугальтара. Гэта такія факты, якія ўсе бачаць, якія схаваць немагчыма”.

Жанчына адзначае таксама, што стыль кіраваньня Валера Пензы быў вельмі аўтарытарны, ён забараніў любую крытыку ягоных дзеяньняў. Пры гэтым, як яна лічыць, зусім не вызначаўся асабістай сьціпласьцю. Паводле гэтай крыніцы, былы дырэктар стварыў абстаноўку, пры якой ягонае найбліжэйшае атачэньне працягвала махлярствы, нават калі самога Пензу арыштавалі, а завод правяралі шматлікія камісіі.

Варта дадаць, што пракуратура не паведамляе, ці прызнае Валер Пенза сваю віну.

У рэспубліканскай пракуратуры цяпер знаходзіцца і справа былога старшыні Дзяржкамітэту авіяцыі Фёдара Іванова. Адпачатку справу Іванова расьсьледавалі ў Камітэце дзяржкантролю. Яго абвінавачваюць у службовых злоўжываньнях. Нібыта ён за ўзнагароду дапамог камэрцыйнай фірме бяз тэндэру атрымаць замову на рамонт службовага самалёта беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага. У пракуратуры лічаць, што гэтым Іваноў нанёс страты дзяржаве ў вялікім памеры. Калі справа Фёдара Іванова будзе перададзеная ў суд, не паведамляюць.

Справы Іванова, Пензы, дырэктара “Нафтану” Часнавіцкага ды іншых вядомых гаспадарнікаў былі заведзеныя амаль адначасова — пры канцы мінулага году. Гэта дало падставы незалежным назіральнікам казаць пра пачатак чарговай “чысткі” шэрагаў чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG