Што да актыўнасьці грамадзянаў, то сапраўды, заснаваны рахунак, на які могуць быць дасланыя сродкі дзеля дапамогі насельніцтву Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Такі ж рахунак адчыніла і прадстаўніцтва ААН у Беларусі. У абодвух выпадках, як кажуць супрацоўнікі гэтых структураў, актыўнасьць не высокая. Мажліва, прычынай досыць сьціплыя прыбыткі саміх беларусаў, якія і хацелі б дапамагчы, але і самі з задавальненьнем прынялі б якую-небудзь дапамогу. Слова супрацоўніку прадстаўніцтва ААН у Беларусі Ўладзімеру Шчэрбаву:
(Шчэрбаў: ) “Паступленьняў пакуль не было, хоць у заходніх краінах лік ідзе на дзесяткі мільёнаў ахвяраваньняў ад прыватных асобаў. Праўда, да нас у офіс тэлефанавалі людзі, якія хацелі б даць грошы, але – на пэўных ўмовах, якія мы выканаць ня можам. Таму схема такая: ёсьць рахунак, і калі ёсьць жаданьне і магчымасьці – можна туды грошы перавесьці… Асноўныя абавязацельствы ў справе аказаньня дапамогі ўсё ж робяцца ўрадамі краінаў. Але ў той жа час створаныя і дадатковыя магчымасьці для ахвяраваньняў з боку прыватных арганізацый”.
Паводле расейскіх СМІ, зараз у Тайляндзе адпачываюць некалькі тысячаў грамадзянаў Расеі: толькі на курорт Патайя штотыдзень робіцца дзесятак рэйсаў з Расеі. Апроч таго, у Бангкок шэсьць рэйсаў на тыдзень ажыцьцяўляе “Аэрафлёт”. Бальшыня беларускіх турыстаў карыстаецца паслугамі расейскіх авіяперавозчыкаў. Ці выпраўляюцца ў той рэгіён таксама і беларусы?
Тое, што такая тэндэнцыя мае месца – пацьвярджаюць і ў беларускіх турфірмах. Агенцтвы атрымалі цэлыя пакеты прывабных прапановаў ад расейскіх кампаніяў на адпачынак у тым рэгіёне: у шэрагу выпадкаў кошт адпачынку складае меншую суму, чым нават пералёт. Але нават пры тым, што прапануюцца курорты, не пацярпелыя ад цунамі – перадусім, гэта Патайя, Ча-ам, Хуа-Хін, разьмешчаныя у Сіамскай затоцы – выпадкі ад’ездаў у той рэгіён зь Беларусі адзінкавыя. Відавочна, страх стаць ахвярай эпідэміі перавышае спакусу адпачыць танна.
Аднак настроі сярод тых, хто колісь адпачываў у Тайляндзе ці на Шры-Лянцы, і нават патрапіў пад цунамі 26 сьнежня, досыць рашучыя. Так, Андрэй Карпонін, які ратаваўся ад хвалі на Мальдывах, а потым і на Шры-Лянцы, перакананы: туды ён яшчэ вернецца.
(Карпонін: ) “Мы ўсё роўна вельмі станоўча нацэленыя адносна адпачынку на Шры-Лянцы, і ўвогуле да краінаў таго рэгіёну. Яны адновяцца, і мы з задавальненьнем яшчэ шмат разоў там пабываем. Дай Бог толькі здароўя”.
Такое меркаваньне падзяляе і прадпрымальнік Аляксандар Півавар, які па чарзе адпачываў у Тайляндзе, Інданэзіі і на Шры-Лянцы. І тлумачыць – чаму:
(Півавар: ) “Нават ня ведаю, дзе і лепей… Пэўна, усё ж, у Тайляндзе. Гэта ўвогуле казачная краіна. Людзі надзвычай добразычлівыя. У параўнаньні з Эгіптам, з арабамі – неба і зямля. Усе вельмі адкрытыя, і калі нават дапусьціць, што “прыкідваюцца”, то вельмі добра гэта робяць, у гэта ахвотна верыш. А арабам ад цябе пастаянна штосьці патрэбна…”