Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявіцца новы орган нагляду за маральнасьцю


Ігар Карней, Менск Рашэньнем Менскага гарвыканкаму створаная гарадзкая экспэртная камісія ў справе нагляду за маральнасьцю. Сябры камісіі будуць аналізаваць друкаваную, аўдыё- і кінавідэапрадукцыю, канцэртныя праграмы на прадмет прыкметаў парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці.

Як лічаць прадстаўнікі галіны культуры, новаўтварэньне ў лепшым выпадку будзе дубляваць функцыі Рэспубліканскай экспэртнай камісіі, а ў горшым – стане дадатковым сродкам кантролю за ўсімі сфэрамі жыцьцядзейнасьці. Якія канкрэтна функцыі ўскладзеныя на гарадзкую камісію?

Статыстыка “выратаваных душаў” беларускіх грамадзянаў яшчэ адсутнічае, паколькі рэальна камісія, у складзе якой цэлы шэраг гарвыканкамаўскіх чыноўнікаў і штатных ідэолягаў, пачне працаваць толькі ад наступнага месяца. Але, сыходзячы з “Палажэньня аб працы камісіі”, поле дзейнасьці ў новага органу нагляду надзвычай шырокае.

Гэтак, згодна з дакумэнтам, сябры камісіі атрымаюць спэцыяльныя пасьведчаньні, якія дадуць права ўдзелу ў паседжаньнях мастацкіх і навуковых радаў, у рэдакцыях СМІ, падчас усіх выставаў, канцэртаў, іншых відовішчных імпрэзаў. Фактычна, у дадзеным выпадку функцыі гарадзкой экспэртнай камісіі нават шырэйшыя, чым Рэспубліканскай. І якраз гэта насьцярожвае некаторых прадстаўнікоў культуры. Вось, у прыватнасьці, меркаваньне кінадакумэнталіста Юрыя Хашчавацкага, які не аднойчы паспытаў пільную ўвагу розных экспэртаў:

(Хашчавацкі: ) “Усе гэтыя камісіі – гэта чыстая палітыка. Пад шыльдай абароны ад жорсткасьці, ад парнаграфіі праводзіцца палітычная цэнзура. Да таго ж, робяць гэта людзі мала кампэтэнтныя ў мастацтве, гэта цалкам для мяне відавочна, але якія адзначыліся палітычным служэньнем – у сэрвісе, у абслугоўваньні”.

Ці будзе за ўзор працы гарадзкой камісіі абраная больш сталая і дасьведчаная Рэспубліканская экспэртная камісія? Адзначу, што год яшчэ толкам і не пачаўся, а Рэспубліканская камісія ўжо наклала забарону на амэрыканскую стужку “Піла”. Такім чынам, гэта “першая ластаўка”. Летась і пазалетась былі забракаваныя, адпаведна, 12 і 49 стужкаў, што дае падставу прагназаваць: адной “Пілой” усё ня скончыцца. Усё болей пытаньняў да расейскага кінэматографу, які, на думку экспэртаў, робіцца больш крывавым і пазбаўленым сэнсавай нагрузкі.

Яшчэ адна прадстаўніца кінагаліны, рэжысэр Ірына Пісьменная, стужка якой, прысьвечаная Васілю Быкаву, летась таксама была забароненая, лічыць, што праца экспэртаў часта адштурхоўваецца ад палітычнай кан’юнктуры. І якраз стужка “Дарога дадому. Рэквіем” – лішні доказ гэтага.

У якасьці іншага прыкладу спадарыня Пісьменная кажа пра нашумелы фільм амэрыканскага рэжысэра Майкла Мура, у якім ставіцца пад сумнеў кампэтэнтнасьць кіраўніка ЗША Джорджа Буша. Але перасьледваць Мура пасьля гэтага ніхто не стаў.

(Пісьменная: ) “Калі зрабіў чалавек фільм пра Буша, што б там ні казалі, як бы гэтага не хацеў сам Буш, але стужка дэманстравалася і на вялікім экране, і на многіх каналах, і ўсё было нармалёва. А тут вось такая гісторыя! Ну, што зробіш? Мы жывём у гэтай краіне, і калі мы нічога ня можам зрабіць, дык можа, мы самі і вінаватыя?”.

А вось лідэр гурту “Нэйра-Дзюбель” Аляксандар Кулінковіч лічыць падобныя камісіі толькі зьнешнім антуражам. За падобнай шыльдай можна імітаваць актыўную дзейнасьць, раз-пораз, дзеля “птушачкі”, абвяшчаючы вынікі барацьбы з заганамі грамадзтва. Але той факт, што шэраг выканаўцаў, сярод якіх і “Нэйра-Дзюбель”, фактычна забароненыя ў радыё- і тэлеэфіры, яшчэ ня значыць, што музыкі займаліся прапагандай гвалту і парнаграфіі. На думку Кулінковіча, справа тут у іншым:

(Кулінковіч: ) “Тут не вядзецца гаворка пра барацьбу за маральнасьць: гурты, якія захочуць, яны і надалей будуць прапагандаваць гвалт, сэкс і г.д.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG