Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 студзеня 1593 году памёр Сымон Будны


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 13 студзеня

13 студзеня ў беларускіх вернікаў, што належаць да Расейскай праваслаўнай царквы, традыцыйна адбываецца шчодрая вячэра напярэдадні Новага году. Інакш кажучы, сёньня ўначы настане новы год паводле старога стылю, або паводле юліянскага календара.

13 студзеня 1593 году памёр Сымон Будны, слаўны беларускі асьветнік, філёзаф, гісторык, паэт, дзеяч рэфармацыі. Будны атрымаў адукацыю ў Кракаўскім унівэрсытэце, а пасьля настаўнічаў і прапаведаваў у Вільні і ў Клецку. Пасьля заснаваў у Нясьвіжы друкарню, выдаў па-беларуску кнігу “Катэхізіс”. Апошнія гады Будны жыў у Вішневе пад Валожынам, дзе і памёр. А ў Нясьвіжы яму пастаўлены помнік.

13 студзеня 1660 году маскоўскае войска князя Хаванскага захапіла Берасьце. Горад быў цалкам спалены, а жыхары амаль пагалоўна забітыя. Такі адзін з эпізодаў самай страшнай у гісторыі Беларусі трынаццацігадовай вайны, калі загінуў кожны другі тагачасны беларус.

13 студзеня 1948 году ў Менску быў забіты Саламон Міхоэлс, тэатральны актор, старшыня Габрэйскага антыфашыстоўскага камітэту. Забойства ўчынілі савецкія спэцслужбы – Міхоэлс быў нібыта выпадкова зьбіты машынай на адной зь менскіх вуліц. Вядомы і вельмі паважаны тэатральны дзеяч стаў ахвяраю палітычных махінацыяў савецкага кіраўніцтва ў дачыненьні да новапаўсталай дзяржавы Ізраіль.

13 студзеня ў Літве адзначаецца Дзень абаронцаў свабоды. Ён усталяваны ў гонар падзеяў 13-гадовае даўнасьці, калі савецкія танкі пайшлі ў атаку на віленскую тэлевежу. Дакладней – на шматтысячны мітынг, які пратэставаў супраць захопу тэлевежы. У выніку той атакі загінулі 13 чалавек. Варта згадаць, што сярод мітынгоўцаў было шмат беларусаў зь бела-чырвона-белымі сьцягамі. Аднак і кіраваў танкавай атакай беларус, генэрал Усхопчык, які сёньня займае пасаду намесьніка міністра абароны РБ. Усе гэтыя 13 гадоў Літва патрабуе ад Беларусі выдачы злачыннага генэрала, але безвынікова.

13 студзеня 1972 году нарадзіўся славуты беларускі спартовец, гімнаст Віталь Шчэрба. На алімпійскіх гульнях 1992-га году ў Барсэлёне Шчэрба прынес сваёй краіне ажно 6 залатых мэдалёў.
XS
SM
MD
LG