Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром”: рэакцыя на заяву Лукашэнкі


Юлія Шарова, Менск 11 студзеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея не выконвае дамоўленасьцяў пра аднолькавыя кошты на газ унутры гэтак званай “саюзнай дзяржавы”, бо фактычна пасьля пераходу на прынцып спагнаньня ўскосных падаткаў па краіне прызначэньня расейскае паліва для Беларусі падаражэла на 18%. Таксама Лукашэнка паабяцаў налічваць “Газпрому” запазычанасьць за транзыт, пакуль той будзе спаганяць зь Беларусі больш высокую цану.

У кампаніі “Газпром” лічаць бессэнсоўным абмяркоўваць заявы Лукашэнкі наконт даўно падпісанага кантракту. Супрацоўнік прэсавай службы кампаніі Ігар Валабуеў:

(Валабуеў: ) “Камэнтаваць мы гэта ня будзем. Я вам сытуацыю ў прынцыпе растлумачыў: дамову беларускі бок падпісаў. Усё. Пра што яшчэ можна размаўляць?”

Экспэрт расейскай інвэстыцыйнай кампаніі “Праспэкт” Дзьмітры Мангалёў лічыць, што Аляксандру Лукашэнку, сапраўды, позна абмяркоўваць кошты на газ, бо кантракт падпісаны, а, значыцца, беларускі бок пагадзіўся з такімі ўмовамі. На думку спэцыяліста, Беларусь наўрад ці ўздыме тарыфы на транзыт расейскага газу ды паўтарэньня леташніх канфліктаў ня будзе.

(Мангалёў: ) “У нас быў летась прэцэдэнт, калі спрабавалі падвысіць тарыфы на пампаваньне газу і Расея адмовілася ад паслугаў Беларусі. Паколькі на той момант інцыдэнт быў вычарпаны і “Газпром” шмат у чым адстаяў свае пазыцыі, трэба думаць, што сёлета такая сытуацыя ўжо не паўторыцца. Урэшце ўсё застанецца ў межах таго кантракту, які быў падпісаны”.

Спадар Мангалёў лічыць, што заявы Лукашэнкі носяць у большай ступені палітычны характар ды зробленыя дзеля падвышэньня рэйтынгу беларускага лідэра.

Аналітык інвэстыцыйнай кампаніі “Фінам” Марыя Радзіна нагадвае, што ўнутрырасейскія цэны на газ паводле пятага цэнавага поясу сёлета перавысілі ўжо 48 даляраў за тысячу кубамэтраў. Для Беларусі кошт газу без ПДВ — амаль 47 даляраў за тысячу кубамэтраў, таму фактычна яна атрымлівае паліва па тых жа коштах. Да таго ж для Беларусі тарыфы значна ніжэйшыя, чым для Ўкраіны. Таму выказваньні Лукашэнкі не зусім абгрунтаваныя, сьцьвярджае Марыя Радзіна.

(Радзіна: ) “Цалкам магчыма, гэта выкарыстоўваецца як элемэнт палітычнага піяру. Але трэба разумець, што “Газпром” — гэта рынкавая кампанія, якая мае акцыянэраў і павінна дзейнічаць у інтарэсах сваіх акцыянэраў. І яна ня можа выступаць мэцэнатам эканомік суседніх краінаў. Не зусім, мне падаецца, слушна перакладваць праблемы беларускай эканомікі на расейскую кампанію”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG