Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія палітыкі заклапочаныя сытуацыяй зь нямецка-беларускімі чарнобыльскімі праектамі


Ул. інф. Прадстаўнікі нямецкай палітычнай клясы занепакоеныя будучыняй сумесных нямецка-беларускіх чарнобыльскіх праектаў. Агульная танальнасьць імпрэзаў, якія з гэтае нагоды праводзяцца ў Нямеччыне ды іншых эўрапейскіх краінах –расчараваньне, – піша выданьне “Tageblatt”.

“Tageblatt” камэнтуе намер беларускага прэзыдэнта абмежаваць масавы выезд чарнобыльскіх дзяцей за мяжу, а таксама прыводзіць меркаваньні ўдзельнікаў бэрлінскага форуму “Беларусь пасьля парлямэнцкіх выбараў”, сярод якіх былі дэпутаткі Бундэстагу Ўта Цапф і Клаўдыя Нольтэ, прадстаўнікі нямецкіх няўрадавых, рэлігійных і дабрачынных арганізацыяў.

Як піша “Tageblatt”, дзеля таго, каб пазьбегнуць тых непажаданых наступстваў, якія можа выклікаць забарона на выезд за мяжу беларускіх дзяцей, урад Нямеччыны пайшоў на больш інтэнсіўны кантакт з адпаведнымі беларускімі дзяржаўнымі структурамі.

Надзея нямецкага боку была зьвязаная з тымі абавязацельствамі, якія вынікаюць з падпісанага ў 1994 годзе ўрадамі Беларусі і ФРН “Memorandum of Understanding”. Аднак паводле экспэртаў, разьлік на тое, што афіцыйны Менск будзе і надалей выконваць канкрэтныя пункты гэтага дакумэнту –невялікі. Мэмарандум не зьяўляецца міжнародным прававым дакумэнтам.

Выданьне прыводзіць таксама адпаведны камэнтар беларускага афіцыйнага боку. Паводле “Tageblatt”, прысутныя на бэрлінскім форуме дэпутаты Палаты прадстаўнікоў перакананыя, што вядомая заява беларускага кіраўніка зьвязаная з той карупцыяй, якая назіраецца ў шэрагу беларускіх чарнобыльскіх ініцыятываў.

Характэрна, што гэты аргумэнт апошнім часам усё часьцей прыводзіцца і прадстаўнікамі некаторых нямецкіх гуманітарных арганізацыяў. Яны лічаць, што беларускія дзеці будуць езьдзіць у Нямеччыну і надалей – зачыняцца толькі гэтак званыя спалітазаваныя чарнобыльскія арганізацыі і фонды. Аднак большасьць нямецкіх грамадзкіх дзеячаў усё ж перакананыя, што галоўная мэта прэзыдэнта Лукашэнкі – узяць пад кантроль усе міжнародныя кантакты беларусаў.

Што да нямецкіх парлямэнтароў, то яны чакаюць канчатковага рашэньня Менску з тым, каб вынесьці чарнобыльскае пытаньне на парадак дня чарговых парлямэнцкіх пытаньне Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG