Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новым годзе гомельскі завод “Крышталь” так і не прыступіў да працы — няма алмазаў


Казімер Яноўскі, Гомель Больш як 800 аграншчыкаў алмазаў Гомельскага аб’яднаньня “Крышталь” з пачаткам новага году так і не прыступілі да працы. Прычына — адсутнасьць алмазнай сыравіны, якую гамельчукі набывалі ў Расеі.

Завод “Крышталь” спыніў сэрыйны выпуск дыямэнтаў яшчэ ў мінулым годзе. Расейская кампанія “Алроса”, нягледзячы на міжурадавае пагадненьне Беларусі й Расеі наконт штогадовых паставак “Крышталю” 100 тысяч каратаў алмазнай сыравіны, нечакана зьмяніла ўмовы набыцьця прыродных алмазаў.

Распавядае генэральны дырэктар аб’яднаньня “Крышталь” Аляксандар Старавойтаў:

(Старавойтаў: ) “Расейцы ў аднабаковым парадку і без папярэджаньня рэзка падвысілі кошт на прыродныя алмазы. Яны сталі даражэйшымі, чымсьці вырабленыя зь іх дыямэнты. Таму прадпрыемства і не змагло набыць патрэбнай сыравіны”.

Напачатку будучага тыдня гамельчукі распачынаюць з расейцамі новы раўнд перамоваў наконт паставак алмазаў паводле прымальнага кошту. Аднак “Крышталь” трапляе ўжо ў чарговую пастку. Новы парадак уплаты падаткаў на даданую вартасьць патрабуе ад прадпрыемства большых выдаткаў.

У Гомелі чакаюць адмысловага ўказу кіраўніка дзяржавы наконт зьмяншэньня велічыні згаданага падатку. Інакш прадпрыемству ня выкараскацца з эканамічнага заняпаду. Паводле дырэктара Старавойтава, распрацаваны альтэрнатыўныя расейскаму варыянты забесьпячэньня прадпрыемства алмазамі з афрыканскіх краінаў. Завод ужо атрымліваў прыродныя алмазы з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Руанды, Уганды. Прапановы з Афрыкі, дарэчы, у чатыры разы перавышаюць гадавую патрэбу “Крышталю” ў сыравіне.

Стрымлівае пакупку адсутнасьць фінансаў. Беларускія банкі без рашэньня вышэйшага кіраўніцтва ня могуць даць прадпрыемству льготных крэдытаў. У адваротным выпадку “Крышталь” не заробіць грошай на алмазаапрацоўцы, а будзе толькі працаваць на выплату крэдытаў.

Алмазаапрацоўшчыкі наагул спадзяюцца, што сёлета эканамічныя ўмовы вырабу дыямэнтаў у Беларусі стануць такімі, як на аналягічных прадпрыемствах СНД. У прыватнасьці, ва Ўкраіне, Арменіі. Тады з забесьпячэньнем “Крышталю” алмазнай сыравінай ня будзе асаблівых праблемаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG