Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі будуць адносіны прэзыдэнтаў Юшчанкі й Лукашэнкі?


Валер Каліноўскі, Менск Новым прэзыдэнтам Украіны афіцыйна абвешчаны лідэр апазыцыі Віктар Юшчанка. Згодна з канчатковымі вынікамі выбараў, агучанымі ЦВК Украіны, 26 сьнежня за Юшчанку прагаласавалі 51,99% выбарцаў, ягоны канкурэнт Віктар Януковіч атрымаў 44,2% галасоў. Адрозна ад многіх кіраўнікоў краінаў сьвету, Аляксандар Лукашэнка пакуль не павіншаваў зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах лідэра ўкраінскай апазыцыі. Што думаюць украінскія і беларускія палітыкі і палітолягі наконт пэрспэктываў адносінаў новага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі?

Для вынясеньня канчатковага рашэньня ЦВК Украіны спатрэбілася 15 дзён, роўна столькі адводзіць закон на гэтую працэдуру. ЦВК разгледзеў усе скаргі каманды былога прэм’ера Віктара Януковіча і дачакаўся завяршэньня разгляду ягоных скаргаў у Вярхоўным судзе. Ніводная з 15 скаргаў Віктара Януковіча ў Вярхоўны суд не была нават прынятая да разгляду з прычыны фармальных недакладнасьцяў пры падачы заяваў, парушэньняў тэрміну абскарджаньня, недакладнасьцяў у фармуляваньні прэтэнзіяў.

Канчатковыя вынікі выбараў нязначна адрозьніваюцца ад папярэдніх, складзеных на падставе апэратыўных зьвестак адразу пасьля выбараў, — усяго на 650 галасоў.

Рашэньне ЦВК Украіны аб абвяшчэньні прэзыдэнтам Юшчанкі каманда Януковіча зьбіраецца абскардзіць у Вярхоўным судзе. На разгляд гэтай, апошняй ужо скаргі даецца тыдзень, пасьля чаго парлямэнт зможа правесьці інаўгурацыю новага прэзыдэнта Віктара Юшчанкі.

На ягоны адрас працягваюць прыходзіць дзясяткі тэлеграмаў ад кіраўнікоў замежных краінаў, у тым ліку Францыі, Італіі. Папа Рымскі Ян Павал ІІ сёньня дабраславіў Юшчанку на прэзыдэнцтва.

Пакуль што не павіншавалі Юшчанку зь перамогай найбліжэйшыя суседзі — кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка.

У МЗС Укріаны, Вярхоўнай Радзе і штабе Віктара Юшчанкі рыхтуюцца да інаўгурацыі, якая чакаецца на наступным тыдні. Ці будзе падчас гэтай цырымоніі беларуская дэлегацыя, пакуль невядома. У МЗС Беларусі і ў адміністрацыі беларускага прэзыдэнта таксама нічога не змаглі сказаць на гэты конт. Між тым, у Кіеве перакананыя, што будучыня дачыненьняў Украіны і Беларусі залежыць перш за ўсё ад беларускага кіраўніцтва. Супрацоўніца выбарчага штабу Віктара Юшчанкі Натальля Пазьняк зазначае, што Віктар Юшчанка будзе імкнуцца да сяброўскіх адносінаў зь Беларусьсю.

(Пазьняк: ) “Справа ў тым, як Беларусь паставіцца да Ўкраіны, ці яна не адгародзіцца, таму што Лукашэнка ўжо казаў, што Беларусі ўкраінскі варыянт не патрэбен. Юшчанка скіраваны вельмі пазытыўна да ўсіх, хто хоча мець зь ім супрацоўніцтва”.

Багдан Сакалоўскі, кіраўнік сакратарыяту Ўкраінскай народнай партыі, найбуйнейшай палітычнай сілы ў блёку Юшчанкі “Наша Ўкраіна”, перакананы, што палітыка Ўкраіны адносна Беларусі застанецца добрасуседзкай.

(Сакалоўскі: ) “Што датычыць канкрэтна адносінаў паміж прэзыдэнтамі, асабістых дачыненьняў, то ў значнай ступені стаўленьне кіраўніцтва Ўкраіны да кіраўніцтва Беларусі будзе вызначацца афіцыйным Менскам. Зразумела, што Ўкраіна застанецца прыхільніцай эўрапейскіх каштоўнасьцяў, як і беларускі народ, і для нас гэта будзе прыярытэт нумар адзін. Добрасуседзкія адносіны і стаўленьне да гэтых каштоўнасьцяў, дэмакратыі перш за ўсё”.

На думку менскага палітоляга Юрыя Шаўцова, Аляксандар Лукашэнка не дазволіць сабе нейкай агрэсіўнай палітыкі адносна Ўкраіны.

(Шаўцоў: ) “Тут можа быць праблема, зьвязаная з аб’ектыўнай цяжкасьцю суіснаваньня беларускай палітычнай сыстэмы і той рэвалюцыйнай, якая цяпер склалася ва Ўкраіне. Хутчэй за ўсё, украінская рэвалюцыя ня спыніцца цяпер. Таму можна чакаць, што ўкраінскае грамадзтва можа болей зьвярнуць увагі на кантакты з нашай апазыцыяй, і тады ўжо ў якасьці рэакцыі на пашырэньне магчымасьцяў нашай апазыцыі ва Ўкраіне, тады нешта можа быць і з боку Лукашэнкі”.

Іншы менскі палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што ва ўмовах крызісу адносінаў з Расеяй, Лукашэнка мусіць падумаць пра разьвіцьцё дачыненьняў з Украінай:

(Фёдараў: ) “Іншая справа, што яны ня будуць вельмі цёплымі, бо ў іх розныя погляды. Але мне падаецца, што ён і з Кучмам ня быў вельмі блізкім… Прынцыповых такіх заяваў з боку Юшчанкі наконт дэмакратыі ў Беларусі можа і ня быць — можа, там ускосна недзе праскочыць, і думаю, што гэта ня будзе перашкаджаць беларуска-ўкраінскім адносінам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG