Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь шукае стасункаў з “праблемнымі” краінамі?


Уладзімер Глод, Менск 11 студзеня ў Менску працягвае працу сумесная беларуска-суданская камісія ў справе супрацоўніцтва гэтых краінаў. Першае паседжаньне камісіі адбылося ў панядзелак, а наперадзе, акрамя сёньняшняга, яшчэ два дні сумеснай працы.

Вядома, што Судан – адна з самых неспакойных краінаў ў сьвеце. Толькі ў мінулую суботу паўночная і паўднёвая часткі Судана нарэшце падпісалі пагадненьне аб замірэньні. Але нават яно не тычыцца правінцыі Дафур, дзе па-ранейшаму гінуць мільёны людзей. Што можа зьвязваць Беларусь з такой “праблемнай” краінай?

Перадусім, хачу зьвярнуць увагу на высокі ўзровень удзельнікаў менскіх паседжаньняў. Беларускую дэлегацыю, напрыклад, узначальвае першы намесьнік прэм’ера Ўладзімер Сямашка, а суданскую – дарадца прэзыдэнта гэтай краіны доктар Гутбі аль-Махдзі Ахмэд. Разам зь ім у Беларусь прыехала шмат міністраў: прамысловасьці, энэргетыкі, зьнешняга гандлю...

Усё гэта сьведчыць пра тое, якую вялікую ўвагу надаюць узгаданым перамовам. І вось гэта на тле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі аб гандлёвым абароце дзьвюх краін выглядае вельмі дзіўным. Пры агульным абароце Беларусі ў 26,5 мільярда даляраў (за 11 месяцаў 2004 году) гандаль з Суданам пацягнуў на няпоўныя 6 мільёнаў. Да таго ж, ён на 99% складаецца зь беларускага экспарту, паколькі з Судану імпартуецца зусім маленькая колькасьць сельскагаспадарчых прадуктаў.

Таму ў Менску некаторыя аглядальнікі кажуць пра тое, што за звычайнымі гандлёвымі перамовамі могуць стаяць і іншыя праблемы. Гаворка ідзе пра палітычныя і вайсковыя стасункі. Узгадваюць, напрыклад, што прэзыдэнт Судану Умар аль-Башыр летась наведваў Менск з афіцыйным візытам. Прыяжджаў сюды і міністар унутраных спраў Абдэль Рахім Магамэд Гусэйн. І вось што сказаў мне з гэтай нагоды былы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Відавочна, што гэтае паседжаньне адбываецца невыпадкова. Менавіта з такімі рэжымамі, з такімі небясьпечнымі краінамі й мацуе сувязі афіцыйны Менск. Мы ведаем з даволі дасьведчаных крыніц інфармацыі, перадусім заходніх, пра тое, што падчас гэтых перамоваў абмяркоўваюцца пытаньні гандлю зброяй, гандлю забароненымі тэхналёгіямі і гэтак далей. Я не выключаю, што і ў гэтым выпадку будуць абмяркоўвацца такія далікатныя, скажам так, пытаньні.

Чаму Беларусь кантактуе з такімі краінамі? Відавочна, што дэмакратычныя краіны робяць усё, каб паставіць перашкоды на шляху распаўсюджваньня недэмакратычных рэжымаў. А недэмакратычныя, дыктатарскія рэжымы гуртуюцца разам. Іх становіцца ўсё менш, і таму яны імкнуцца мацаваць сувязі паміж сабою”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG